Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

Праз хвіліну яны ўжо зноў ляцелі даганяць сонца. Аднак дадому вяртацца яшчэ не маглі: яны не абследавалі ўсяго Марса. Яны пабывалі толькі ў Паўночным паўшар'і, а потым наведалі частку экватарыяльнага пояса. Трэба было цяпер заглянуць у Паўднёвае паўшар'е, аб'ехаць увесь Марс па экватары. Яны павярнулі на Поўдзень.
— Гэта толькі для таго, каб выканаць нашу камандзіроўку,— сказаў Светазар,— а цікавага там мы нічога не ўбачым. Калі ўлетку тут прырода горшая за нашу тундру, то чаго ж чакаць узімку!
I сапраўды, на Паўднёвым паўшар'і, дзе была цяпер зіма, карціна была такая, што і глядзець не хацелася. Тыя самыя голыя горы, бязмежныя пустыні, даліны і тундра, але ў гэты час зусім мёртвая.
— Хоць бы гурбы снегу былі, як належыць узімку, і то весялей было б глядзець. А тут толькі іней ці танюсенькі пласток снегу.
Вядома, нічога жывога ўбачыць тут нельга было, таксама як і ў Паўночным паўшар'і.
— Значыцца, тут яхі не жывуць? — спытала Святлана.
— Як бачыш, не жывуць,— адказаў Светазар.— Тым лепей, мы спакойна можам ляцець далей.
Да экватара яны вылецелі ля таго месца, дзе спыняліся мінулы раз, гэта значыць, каля другога мора.
— Пачакай,— сказала Святлана,— трэба ж і яму даць назву.
— Прапаную назваць яго Савецкім морам.
— Так і запішам,— згадзілася сястра. Падарожнікі паляцелі далей на захад. Мора мела,
мусіць, тысячу кіламетраў у шырыню, а ў даўжыню значна болей. За ім пачалася знаёмая карціна — зялёныя даліны, ланцугі вялікіх і малых азёр, пустыні і горы.
Праз некаторы час падляцелі яшчэ да аднаго мора.
— Ого! — усклікнулі падарожнікі.— Гэта ўжо нават акіян!
Велічыня яго здавалася сапраўды акіянская, ды толькі надта многа было на ім нізкіх астравоў.
Стваралася ўраясанне, нібы ў часе разводдзя вада заліла вялікую нізіну. Паколькі акіян быў неглыбокі, а вялікіх вятроў на Марсе няма, то вада ў ім за ноч замерзла ўся: лёд растане толькі пад вечар, калі трэба будзе зноў замярзаць. Акіян гэты назвалі Маскоўскім, хоць Святлана пярэчыла, што ён не варты такой назвы: шырыня яго складала тысячи дзве кіламетраў. Далей яны ўбачылі мясцовасць, якая трохі нагадвала Зялёную даліну.
— Прыпынімся,— сказала Святлана,— можа, і тут жывуць яхі.
— Ой, не! — усклікнуў Светазар.— Нам па экватары трэба праляцець дваццаць дзве тысячы кіламетраў.
Нарэшце яны заўважылі мясцовасць, якая ім здалася ўжо знаёмай. Гэта было тое месца, дзе яны ўбачылі першых яхаў. Толькі цяпер дзеці прыляцелі сюды з процілеглага боку, на той бераг возера, дзе яны першы раз бачылі яха з вязанкамі кактуса на спіне.