Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

— Відаць, і на Марсе, і на Зямлі, і на іншых планетах усе маці аднолькавыя,— сказала Святлана і пачала гладзіць малое, а потым узяла яго на рукі і нанесла ў пячору. Маці пакорна пайшла ззаду.
Усе вярнуліся ў пячору, і новыя жыхары далучыліся да старых без ніякіх перашкод.
Час ішоў, а задуманая Светазарам «рэарганізацыя» была яшчэ не скончана. Трэба было перанесці агонь і ў іншыя пячоры, а гэта вельмі марудная справа.
— Можа, яны і самі маглі б занесці да сябе? — сказала Святлана.
— Дзе там! — безнадзейна сказаў Светазар.— Бачыш, якія яны нязграбныя. Калі ён будзе несці агонь у адной руцэ, то шчога не выйдзе: ён абсмаліць сабе і твар і жывот. А на двух нагах наўрад ці данясе. Каб свабодна хадзіць на нагах, ім яшчэ трэба навучыцца, можа, тысячу гадоў. Нашы продкі жылі ў лясах, лазілі па дрэвах, стоячы на нагах, даставалі плады, каласы, адным словам, ім заўсёды прыходзілася стаяць на нагах. А тут ні дрэў, ні пладоў, ні высокіх раслін, а толькі адны кактусы, якія трэба збіраць, уткнуўшы нос у зямлю. Відаць, прыйдзецца нам з табой «электрыфікаваць» іхнія хаты.
Калі перанеслі агонь у суседнюю пячору, вярнуліся сюды і жыхары яе. Потым ажывілі другую, трэцюю пячору і такім чынам разгрузілі першую. Засталася тут толькі чужая маці з дзіцем. Святлана пагладзіла і яе і дзіця, каб гаспадары бачылі, што з імі трэба абыходзіцца ласкава, ды яшчэ дала наказ:
— Глядзіце вы мне, не крыўдзіце іх, а то я вам...— і яна пагразіла гаспадарам пальцам.
Трэба адзначыць, што «электрыфікацыя» гэтая заняла куды больш часу, чым магло здавацца, бо кожны раз трэба было яшчэ і яшчэ паказваць, як абыходзіцца з агнём, падтрымліваць яго. На гэтую справу патрацілі, мусіць, гадзіны дзве, калі не болей. Падарожнікі вельмі стаміліся. Можна сабе ўявіць, як павінны былі адчуваць сябе яхі, якія, магчыма, за тысячагоддзі першы раз не спалі ноч. Але прычына была ўважлівая: першы раз за тысячагоддзі ноч у іх была з агнём.
Асноўнае было зроблена, можна было ляцець і дадому ці пераляцець адсюль у цёплае месца на Марсе. Святлана так і паставіла пытанне.
— А можа, пераначуем тут, з імі? — усміхнуўся Светазар.
Святлана аж уздрыганулася:
— Што ты, што ты, я лепш на дварэ пераначую!
— Вось які ты сябар бедных і прыгнечаных! — засмяяўся Светазар.— Добрая да іх, ласкавая, спачуваеш ім, а калі пабыць з імі бліжэй, то во якая агіда.
— I зусім не тое,— адказала Святлана.— Калі было б неабходна, калі іначай нельга было б, то я зусім не баялася б. А цяпер мы можам ехаць далей.
— А што будзе далей з тымі яхамі і з той «газіфікаванай» пячорай? — заклапочана сказаў Света— Няўжо правадаць такой каштоўнасці? Ды і тых яхаў трэ было б прыстасаваць да сумленнага жыцця. Не, я не магу пакінуць Марс, пакуль не навяду на ім парадку.
Тым часам мароз усё ўзмацняўся ды ўзмацняўся. А гадзіне адзінаццатай ён дасягнуў градусаў дваццаці. Выгнаныя яхі зноў заенчылі. Яны, відаць, не знайшлі сабе добрага прытулку.
— Хоць і бандыты, а ўсё ж такі шкада іх,— сказаў хлапец.— Сярод іх, пэўна, ёсць і добрыя, якія павінны пакутаваць праз гэтага праклятага Бао-Дая.
— Бао,— паправіла дзяўчынка.— А я зрабіла б так: пасяліла б іх, скажам, у гэтую пячору, адабраўшы агонь, а гэтых жыхароў перасяліла б туды.
— Вельмі добры план! — пахваліў брат.— Няхай яны жывуць без агню і паглядзяць, як усе жывуць з агнём. А калі выправяцца ды заслужаць, то можна будзе даць ім агонь. А вось наконт той пячоры я ўношу папраўку. Для нейкай адной выпадковай сям'і тая пячора будзе занадта добрей. Можа, гаспадар таксама нос задзярэ, як гэты...
— Бао,— паспяшыла падказаць Святлана.