Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

Тым часам і з іншых пячор пачалі збірацца сюды жыхары. Набліжаліся яны асцярожна, са страхам, і спыняліся за дзесятак крокаў ад машыны.
— Добры дзень, таварышы! — крыкнуў Светазар, выйшаўшы з машыны.— Прывітанне вам з Зямлі! Не ведаеце? Ну, нлчога, зараз пазнаёмімся.
Але яхі стаялі на месцы, напружана сачылі за кожным іх рухам і як быццам не выяўлялі жадання знаёміцца бліжэй. Калі Светазар паспрабаваў падысці да іх, яны падаліся назад.
Выручыла малое. Яно смела падышло да Святланы, а яна прысела і пачала гладзіць малое, а потым нават і на рукі ўзяла. Убачыўшы такую ласкавасць, яхі пасунуліся бліжэй, і твары іх зрабіліся больш ласкавымі. Але ніхто з іх не ўсміхнуўся.
— Значьщца, агню яшчэ не маюць,— зазначыла Святлана.
Раптам яхі затрывожыліся, са страхам сталі глядзець некуды, замармыталі паміж сабой — і зноў пачулася слова «бао».
— Зноў гэты Бао! — здзівіліся госці.
У гэты момант праз рачулку перабраліся яхі і накіраваліся ў гэты бок. Іх было ўжо чацвёра. Усе жыхары пячор пахаваліся ў сваіх памяшканнях.
Падышоўшы да гасцей, яхі выстраіліся ў шарэнгу, падняліся на заднія лапы, а потым зноў апусціліся.
— Э-э, ды яны кланяюцца нам! — крыкнуў Светазар.— Даўно б гэтак. А то нейкую палітыку вядуць: «бао», «бао».
Пачуўшы гэтае слова, яхі селі на заднія ногі і задаволена паўтарылі:
— Бао, Бао.
Пры гэтым яны паварочваліся назад і паказвалі рукой у той бок, адкуль прыйшлі.
— Справа ясная! — сказаў Светазар сястры.— Яны запрашаюць нас да свайго Бао. Што будзем рабіць?
— Не ведаю,— адказала яна.— Нешта не падабаюцца мне гэтыя малойчыкі. Нейкія несімпатычныя, зусім не такія, як гэтыя жыхары.
— Таму трэба пайсці паглядзець, што там такое.
— А ты ўпэўнены, што нічога дрэннага яны нам не зробяць? — спыталася сястра.
— Пакуль што мы бачым, што гэтыя яхі — добры народ і дагаварыцца з імі можна.
Святлана паківала галавой і сказала:
— А мне здаецца, што гэтыя тыпы не належаць да таго добрага народа, аб якім ты гаворыш.
— Глупства гаворыш! — сурова сказаў брат.— Хіба ты не бачыш, што яны той жа пароды, што яны свае для гэтых жыхароў?
— А чаму яны жывуць асобна? Чаму іх баяцца гэтыя жыхары? — пярэчыла Святлана.
— Усё ж да гэтага часу не было ніякіх намёкаў на тое, каб яхі думалі нападаць на нас,— настойваў Светазар.— Мы ж для іх вышэйшыя іетоты, нібы богі, яны нас і паважаюць і баяцца. Мы павінны высветліць гэтую таемную справу.