Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

Пераляцелі на другі бок акіяна. Ен быў гарысты, адсюль пачыналіся горныя хрыбты. У адным месцы да берага выходзіла глыбокая даліна. Маленькая рачулка цикла па ёй. Сонечныя праменні награвалі даліну і навакольныя скалы. Небагатая цеплыня, якую давала Сонца, сабіралася ў гэтай даліне і падымала тэмпературу вышэй, чым у іншых месцах. Аб гэтым сведчыла і расліннасць. Апрача кактусаў тут можна было заўважыць і нешта падобнае на траву; мох таксама быў больш багаты. Усё гэта падарожнікі заўважылі, калі апынуліся на беразе рачулкі.
— Гэта, мусіць, і будзе самае лепшае месца на Марсе,— з усмешкай сказала Святлана.
— Паглядзім, паглядзім,— сказаў Светазар.— Можа, мы тут знойдзем і самых культурных яхаў.
Яны адчынілі дзверцы машыны і адчулі, што паветра тут іх не душыць.
— Слухай! — радасна сказала дзяўчынка,— можа, тут можна будзе дыхаць па-чалавечаму, без гэтых абрыдлых апаратаў.
— Здаецца, можна будзе,— сказаў Светазар, удыхаючы паветра.— Тут больш зеляніны і, значыцца, больш кіслароду.
— Ой, як хораша паляжаць на зямлі, паспаць! — казала дзяўчынка.— Давай сюды наша цёплае адзенне, мы пасцелемся і паляжым.
— I паабедаем, ці паснедаем, павячэраем, хто яго цяпер разбярэ,— дадаў брат.
Яны ўзялі свае прадукты, пачалі есці і разам з тым высвятляць, колькі часу яны вандруюць.
— Мне здаецца, што мы выехалі з дому прынамсі шэсць месяцаў назад,— казала Святлана.
— Яно заўсёды так бывае, калі падарожшчаеш і кожную хвіліну бачыш усё новае і цікавае,— разважліва сказаў Светазар.— Я нават недзе чытаў такі выраз: «Жыццё чалавека вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю перажытых уражанняў».
— Калі гэта праўда,— заўважыла Святлана,— то мы з табой хутка зусім састарэем. I ўсё-такі сапраўды, колькі часу мы вандруем? Светазар адказаў:
— Гледзячы па якому часу. Калі па тутэйшаму, то нават ніякі астраном не разбярэ, бо надта мы гэты час заблыталі. А калі па нашаму, то...— ён глянуў на гадзіннік у машыне,— паказвае дзесяць гадзін, а якіх — ці раніцьі, ці вечара — невядома.
— Мы ж, здаецца, з дому вы ехал і ў дзесяць гадзін! — здзівілася Святлана.
— Так, у дзесяць. Вось цяпер і мяркуй, ці тыя самыя цяпер дзесяць гадзін, ці дзесяць гадзін вечара, ці дзесяць гадзін наступнага дня, а можа, дзесяць гадзін наступнага месяца...
— Шкада,— уздыхнула дзяўчынка,— няўжо хоць прыблізна нельга даведацца, колькі часу мы ў да розе?
— Калі прыблізна, то можна,— адказаў Светазар.— Давай сюды шклянку, я табе налью з тэрмаса чаю. Калі ён будзе зусім гарачы, значыцца, прайшло пяць, дзесяць, ну дванаццаць гадзін; калі толькі цёплы, то каля сутак, а калі халодны...
— То двое сутак, дзесяць месяцаў ці пяць гадоў...— скончыла Святлана.
— Усё можа быць у нашым становішчы,— не то жартам, не то сур'ёзна сказаў Светазар, наліваючы чай.
Ен быў зусім гарачы.
— Вось мы і ведаем, што вандруем менш за суткі.
— Паўгадзіны таксама менш за суткі,— насмешліва сказала Святлана.
— Ну, тады ёсць яшчэ адзін паказчык,— раззлаваўся Светазар.— Гэта страўнік. Ен ужо не будзе маўчаць месяц і суткі: калі мы не спім, ён падасць свой голас праз пяцьшэсць гадзін. Значыцца, прыблізна столькі часу мы і падарожнічалі.