Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

— Не ведаю,— адказала яна.— Адпачыць крыху хацелася б.— Святлана няпэўна паглядзела на брата.
Консул падхапіў яе пад руку і шчыра сказаў:
— Едзем, едзем, у Новым Арлеане цікавей, чым тут. Я вам пакажу горад. Вы там сустрэнецеся з нашай калоніяй. У нас там куток Савецкага Саюза. Там з жанчынамі і дзецьмі вы будзеце, як дома. Адтуль вам лепей будзе рабіць экскурсіі. Вы можаце пакінуць машыну дома, а на вас адных ніхто не будзе звяртаць увагі. Вам не будуць перашкаджаць, як цяпер. Адтуль нашлем прывітанне на Радзіму.
Яны пайшлі да машыны.
— А вы можаце ўзяць з сабой пасажыра? — спытаў консул, зірнуўшы ў кузаў.
Там, замест сядзенняў для пасажыраў, былі нейкія трубкі, шчыты, ручкі. Але ў крайнім выпадку чалавек непатрабавальны сяк-так уціснуцца мог бы. Гэта адразу заўважыў консул і сказаў:
— Калі дазволіце, я магу і тут прытуліцца. Ехаць жа доўга не прыйдзецца.
Гаспадары машыны збянтэжана паглядзелі адно на аднаго, не ведаючы, што сказаць.
— У чым справа? — перапытаў консул. Светазар адказаў:
— Бачыце, на трэцяга пасажыра машына не раз.
— Што вы кажаце! — засмяяўся консул,— Ваша машына можа, як маланка, насіцца па ўсяму свету, а вы гаворыце, што яна не возьме трэцяга чалавека!
Цяпер ужо здзівіліся Светазар і Святлана.
— Адкуль вы ведаеце? — ускрыкнулі яны разам. Консул палажыў адну руку на плячо Светазару, а другую на плячо Святлане і з жартаўлівым дакорам сказаў:
— Эх вы, нездагадлівыя! Каму ж тады ведаць дзяржаўныя сакрэты, калі не афіцыйным прадстаўнікам дзяржавы? Мы тут павінны ведаць усё, каб даць адпор капіталістам.
Гэтыя словы яшчэ больш здзівілі брата і сястру: яны ж добра памяталі словы дзеда, што аб яго вынаходніцтве пакуль што ніхто, нават свая дзяржава, не ведае. Адкуль жа гэты консул ведае?..
— Выбачайце,— ска за ў Светазар,— нам з сястрой трэба параіцца.— Яны адышліся ўбок і зашанталіся.— Што ты скажаш? — спытаў Светазар.
— Дзіўлюся: ніхто на свеце не ведае, а ён адкуль ведае?
— Значыцца, тут нешта такое ёсць.
— Не паедзем з ім!
Калі Светазар сказаў аб гэтым консулу, той раззлаваўся і адразу змяніў свой выгляд. Уся ласкавасць, весялосць, зычлівасць яго зніклі. Ен нахіліўся да іх і прасіпеў:
— У такім разе я вас прымушу. Зараз паклічу паліцыю і скажу, што вы ў мяне ўзялі грошы і не хочаце аддаваць... Разумееце, што з гэтага можа быць?
Вочы Света за ра загарэліся агнём, Святлана так абурылася, што нават забылася на страх. Яна пацягнула брата за рукаў і ціхенька шапнула:
— Возьмем яго і завязём куды-небудзь.