Фантамабіль прафесара Цылякоўскага

За тое іх нехта ўжо заўважыў. У часе аднаго з прыпынкаў яны ўбачылі на тратуары маладога чалавека з вялікімі чорнымі акулярамі, які старанна фатаграфаваў іхнюю машыну. Ніякай прыемнасці ад гэтага нашы падарожнікі не адчулі, але і не спалохаліся. Калі ж пасля таго, праехаўшы некалькі вуліц, яны зноў убачылі гэтага самага чалавека, то здагадаліся, што ён спецыяльна сочыць за імі. Так яно і было. Чалавек у акулярах нарэшце падышоў да іх і з самым ветлівым, прыяцельскім выглядам пачаў нешта гаварыць. Светазар надзеў сваю шапку-перадатчык і зразумеў гаворку.
Светазар глянуў на сваю сястру, на якой таксама была на дзета ўжо шапка, і спытаў:
— Што ты скажаш на гэта?
Карэспандэнт убачыў, што яны не збіраюцца адразу згаджацца, і дадаў больш важкія довады:
— Усе фірмы і ўладальнікі новых машын плацяць нам за тое, што мы рэкламуем іх, а вы чамусьці задумваецеся. Тады я вам заплачу дваццаць пяць долараў за вашы адказы.
Светазар засмяяўся і зноў павярнуўся да сястры.
— Цікава выходзіць,— сказаў ён.— Нават зарабіць можна. Баюся толькі, што за мае адказы ён нічога не дасць. Але паспрабуем.
Светазар павярнуўся да карэспандэнта і сказаў:
— Прашу!
Карэспандэнт выняў з кішэні свой блакнот і задаў пытанне:
— Адкуль вы прыехалі? — затым, паказаўшы на прапелеры, дадаў:— Щ прыляцелі...
Карэспандэнт спалохаўся, што не паспее зрабіць сваю справу, і зноў спытаў:
— Адкуль вы?
— 3 Марса,— быў адказ.
Карэспандэнт збянтэжыўся, а людзі вакол яго засмяяліся. Карэспандэнт нахіліўся да акенца машыны і ціха сказаў:
— Даю пяцьсот долараў, скажыце праўду.
Да кабіны падышоў палісмен.
— Я і кажу праўду. Вось глядзіце, як мы паляцім дадому.
Светазар і Святлана знялі свае шапкі і надзелі шлемы. Цяпер яны ўжо не разумелі, што казаў карэспандэнт, а за ім і палісмен. Хлопчык пусціў у ход машыну і да канца нацiснуў тормаз. Фантамабіль ціха, плаўна пачаў уздьгмацца ўверх...
Публіка аслупянела. Карэспандэнт з блакнотам у адной руцэ і аўтаручкай у другой, разявіўшы рот, глядзеў угару. Палісмен замёр, падняўшы угару сваю гумавую дубінку. Гэты знак, які палісмен зрабіў мімаволі, спыніў на вуліцы ўвесь рух. Усё жывое ў гэтым раёне стаяла, задраўшы галовы ўверх. А там, пабліскваючы на сонцы, ціхенька падымалася маленькая чырвоная машына... Раптам палісмен замахаў дубінкай і крыкнуў:
— Хутчэй рассуньцеся ў бакі: зараз сюды екінецца чалавек! Адыдзіце хутчэй..