Чалавек ідзе

Але такая нязвычная ўнутраная праца не магла ў іх цягнуцца доўга. Цікавасць і ўвага хутка прайшлі; адзін за адным адвярнуліся яны ад жанчыны і зараз жа забыліся аб здарэнні.
Пра дзіця ніхто не ўспомніў, ніхто не пацікавіўся, ці жывое яно, ці не, таму толькі, што яно ляжала воддаль і не трапіла на вочы.
Лес парадзеў, і нашы падарожнікі выйшлі на палянку ля крыніцы. Тут зрабілі прывал. Ніхто не ведаў, што з іх гуртка трох ужо не хапае...
Адны селі адпачываць, другія зноў пайшлі «пасвіцца», трэція падышлі да крыніцы напіцца. Там яны лажыліся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі проста з крыніцы.
Наогул яны баяліся вады, і толькі які-небудзь надзвычайны выпадак мог прымусіць іх лезці ў раку ці возера.
Тым часам важак з адным з сваіх таварышаў (будзем зваць яго Краг) адышлі далей убок, каб прасачыць якой здабычы.
3 правага боку, бліжэй да крыніцы, быў густы зараснік, з левага — рэдкі лес. У адным месцы яны заўважылі, што праз зараснік да крыніцы ідзе сцежка. Відаць было, што яе зрабілі звяры, якім трэба было хадзіць на вадапой.
Нібы мімаволі спыніліся яны на гэтым месцы і пачалі азірацца, чагосьці чакаючы.
Праз некаторы час яны заўважылі, што па лесе яшчэ досыць далека ідуць жывёлы, падобныя да аленяў, толькі з маленькімі рагамі. Яны, відаць, накіроўваліся ў гэты бок.
Важак схіліўся, наецярожыўся. Потым таргануў за руку свайго таварыша, і абодва яны схаваліся ў кустах. Прыціхлі і пачалі чакаць.
Алені набліжаліся спакойна, але каля кустоў пярэдні раптам спыніўся і стаў прыслухоўвацца. Паляўнічыя пачалі ўжо баяцца, што яны ўцякуць.
На шчасце, ветрык падзьмуў у другі бок. Алені больш нічога не адчувалі і, супакоіўшыся, пайшлі па сцежцы. Тады важак кінуўся да пярэдняга на шыю, з страшэннай сілай сціснуў рукі і нават яшчэ ўчапіўся за шыю зубамі. Алень скокнуў убок, але чалавек моцна вісеў у яго на шыі. Зараз жа падскочыў Краг, ухапіў аленя за галаву і пачаў яе круціць. Пальцы яго разадралі храпу, выціснулі вока ў аленя,— і абодва чалавекі разам з аленем пакаціліся на зямлю, але ні на адзін момант не адпускалі сваіх рук.
Алень абараняўся з апошніх сіл, кусаўся, біў нагамі і нават параніў важаку бок капытом, але нішто не памагала. Яны ўсё болей і болей задзіралі галаву ўверх і разам з тым круцілі ўбок. Урэшце косці шыі храснулі, рухі аленя пачалі слабнуць — і ён сціх...
Тады абодва чалавекі падняліся, выпрасталіся, і з грудзей іх вырваўся зычны крык перамогі.
На гэты крык збегліся ўсе і, убачыўшы такую багатую здабычу, пачалі крычаць і скакаць вакол мёртвага аленя. Твары іх страшэнна крывіліся: гэта азначала радасць і смех.
Нялёгка было голымі рукамі забіць аленя, але не лягчэй было і разабраць яго. Каля аленя пачалася тузаніна. Кожны стараўся як найхутчэй ухапіць сабе кавалак, але як гэта зрабіць?
Адны прабавалі разадраць скуру кіпцямі, другія зубамі, трэція стараліся адламаць ногі. Яны штурхаліся, агрызаліся і, здавалася, вось-вось не на жарт паб'юцца.
Патроху ў некалькіх месцах яны зрабілі дзіркі зубам!. Потым з вялікай цяжкасцю дралі рукамі. Скура была моцная, мокрая, выслізгвала з рук, а людзі, што цягнулі яе, часта ляцелі дагары нагамі. Тады зноў пашыралі дзірку зубамі.