Чалавек ідзе

Таксама гуляючы, перакінулі галінку на другое месца і там зрабілі другое вогнішча.
Забыліся хлопцы і на зморанасць і на сон. Толькі і думалі, каб знайсці дзе галінку ды падкінуць у агонь. Добра яшчэ, што больш-менш знаходзілася галля, ды яшчэ сухога. Відаць, у гэтай лагчыне рос хмызняк перад тым, як лава яго заліла.
I калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны паваліліся на зямлю і паснулі.
Прачнуліся позна. Адразу ж успомнілі пра ўчарашнія падзеі і зноў паспрабавалі выклікаць агонь. I агонь паслухмяна з'явіўся.
Але пасля ўчарашняй вячэры адчувалася страшэнная смага. А бліжэйшая вада была досыць далека, каля лесу, адкуль яны ўчора прыйшлі. Як ні цярпелі, але не маглі вытрымаць і павінны былі ісці шукаць вады.
Напіліся і пайшлі назад. Па дарозе ім прыпомнілася ўчарашняе паляванне на труса, і яны захацелі зноў зрабіць таксама. Але на гэты раз нічога не выйшла: трус уцёк у другі бок. Замест гэтага яны злавілі двух маленькіх мышанят. Але якія нясмачныя яны былі ў параўнанні з учарашняй смажанінай!
Закусілі зёлкамі і зноў пагулялі ля вогнішча. Але праз гадзіны дзве зноў захацелі піць і зноў павінны былі ісці да лесу.
На абед ім пашанцавала злавіць труса. I вось, прыпомніўшы ўчарашнюю смажаніну, яны самі кінулі яго «на пліту». Гэта ўжо быў велізарнейшы поспех. Па думаць толькі: яны самі зрабілі гэтак, захацелі і зрабілі. Хто з іхніх суседзяў, малпаў, махайродаў ці тапіраў, мог так зрабіць?
Адна толькі бяда была — гэта кожны раз цягнуцца далека, каб напіцца, бо адлегласць да лесу была кіламетры са два. Ды і жывёлы, убачыўшы, што тут швэндаюцца нейкія неспакойныя і шкодныя стварэнні, пастараліся адысці далей.
Часам хлопцы ўвесь дзень бадзяліся зусім у другім баку, але на ноч прыходзілі сюды, каб пагрэцца і пагуляць з агнём.
Надвор'е ўвесь час было сухое, гарачае. Трава на лузе пасохла.
I вось аднаго разу хлопцы зрабілі вогнішча далей, сярод густой, сухой травы. Не паспелі яны дадаць галля, як агонь сам пайшоў паўзці па траве. Далей — болей, і пачаўся такі пажар, што хлопцы без памяці пабеглi ў лес. А разам з імі ўсё жывое. Пад нагамі мышы, трусы, пацукі. Побач — гіпарыёны, антылопы і розныя іншыя. Некалькі разоў жывёлы збівалі хлопцаў з ног. Кожкы думаў толькі аб тым, каб самому выратавацца.
Вось ужо лее, ручаіна, а ззаду агонь дасягае, смаліць. Пераскочылі яны праз ваду, пабеглі далей — чуюць, што ззаду цішэй стала. Азірнуліся - агонь ужо не гоніцца. Ен спыніўся ля берага і пайшоў убок.
Тады вярнуліся назад. На другім баку чарнелася поле, дымілася некалькі абсмаленых дрэў. Пажар гуў недзе далека. Але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль хлопцы зусім супакоіліся.
Потым асцярожна перайшлі на той бок і сталі хадзіць па цёплай зямлі. А далей, ідучы ўздоўж лесу, яны натрапілі на смажаную жывёліну велічынёй з барана. Тут яны і спыніліся.
Але не паспелі яшчэ прыстасавацца, як з лесу паказаўся тыгр. Адным духам хлопцы адбегліся і апынуліся на дрэве. 3 якой зайздрасщо пазіралі яны адтуль, як вораг паядаў іхнюю смажаніну!
Дзень скончыўся; хутка сцямнелася. I тут нашы хлопцы заўважылі, што недзе блізка паблісквае агонь. Цяпер ужо агонь для іх быў «свой брат». Нягледзячы на тое, што тыгр яшчэ не скончыў вячэру і быў недалёка, яны ціхенька злезлі з дрэва і падышлі да агню. Гарэў тоўсты буралом. Гарэў слаба, ледзь-ледзь свяціўся. Але нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Агонь весела затрашчаў, павялічыўся і асвятліў тыгра.
Той пакінуў есці і недаўменна паглядзеў, нібы пытаючыся: што гэта за штукі такія? Здаецца, гэта тыя самыя нікчэмныя жэўжыкі, якія толькі што паўцякалі адсюль, але якія яны грозныя, як страшна яны там арудуюць. А вось гэтае жудаснае ўжо ў іх руках, яны так грозна размахваюць ім.