Чалавек ідзе

Няма чаго і казаць, што адчувалі яны сябе вельмі дрэнна. Недаўменна круціліся навокал, кідаліся ва ўсе бакі, зноў варочаліся, пакуль голад не прымусіў іх прыпыніць пошукі і прыняцца за харчаванне.
Яны не маглі парадзіцца, выбраць хоць які-небудзь але пэўны кірунак. Яны толькі трымаліся адзін аднаго ды сноўдаліся без сэнсу. I калі надышоў вечар, яны былі не надта далека ад месца начлегу.
Падвечар адзіноцтва і жудаснае пачуццё ахапіла іх яшчэ мацней, і яны яшчэ да цямна ўзабраліся на дрэва як мага вышэй.
Так яны блыталіся па лесе дзень за днём. I гэтыя дні самастойнага жыцця надалі ім вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Раней ім толькі і клопату было, што кінуцца на дрэва, калі раздасца трывожны крык. А цяпер яны самі павінны былі дбаць і дбалі нават больш, як трэба: ад кожнага шолаху, трэску, гуку яны кідаліся ўбок, як зайцы; ад якой-небудзь казы ратаваліся, як ад тыгра. Затое сапраўды страшны звер не паспяваў нават і ўбачыць іх.
Дзякуючы ўсяму гэтаму, яны адчувалі такую блізкасць паміж сабой, аб якой раней і не ведалі. На адзін крон не адыходзілі яны адзін ад аднаго і навучыліся па выгляду, руху разумець, што кожны з іх думае.
I разам з гэтым папоўніўся розум, з'явілася яшчэ некалькі новых слоў. Бесталковая палахлівасць паступова змянялася на больш спакойную асцярожнасць, уважлівасць і некаторае разважанне.
Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай.
Але лягчэй нам разважаць, чымся на справе праходзіць такую школу... Колькі перацярпелі хлопцы за гэты час! Колькі разоў яны ледзь-ледзь не загінулі! Колькі нагаладаліся, нахаладаліся.
Некалькі тыдняў працягнуліся для іх, як некалькі гадоў. Ім здавалася, што яны ўвесь век так жывуць, і ранейшае жыццё было далёкім сном.
Аднаго разу яны выйшлі з лесу і ўбачылі перад сабою мясцовасць, падобную да той, дзе яны калісьці, разам са сваімі, знайшлі часовы прытулак у пячоры. Узвышшы чаргаваліся з далінамі, а на небасхіле відаць былі ўжо горы. Хлопцы выйшлі на зялёны, заліты сонцам луг.
Тут таксама было нямала жывёл, але яны значна адрозніваліся ад лясных. Спачатку хлопцы адчувалі еябе вельмі дрэнна, бо не было як схавацца, каб хто захацеў на іх напасці. Але звяры здаваліся больш міралюбнымі, як у лесе, і ніхто не збіраўся на іх нападаць.
Раптам да іх падбег нейкі звер, нібы конь, толькі меншага росту ды на нагах у яго былі тры пальцы: сярэдні большы, а ззаду два меншыя, і на кожным пальцы па капыту. Гэта быў гіпарыён (або гіпатэры), продак нашага каня
Хлопцы кінуліся ад яго ўбок, а ён — ад іх: адзін аднаго спалохаліся. Потым падышоў яшчэ адзін звер з доўгай шыяй і спакойна стаў разглядаць нашых хлопцаў. Сустракаліся і яшчэ розныя жывёлы, нібы каровы, авечкі, але ўсё нейкія дзіўныя, мы б цяпер сказалі, мяшаныя: нібы каза, але без рог і з даўгім хвастом; нібы карова, але зубы, як у свінні; нібы свіння, але ногі, як у мядзведзя, І гэтак далей.
Паходжанне каня найбольш дакладна даследавана навукай. Па знойдзеных касцях выроэка можна прасачьщь, як ад першага продка 3 пяццю пальцамі развіўся еучасны конь з адным капытом.
Гэта ўсё былі продкі нашых сучасных жывёл. Яны тады былі, так сказаць, яшчэ не падзяліўшыся, і ад адной і той жа жывёліны потым пайшлі патомкі — і козы, і авечкі, і каровы, у залежнасць ад таго, каму ў якіх умовах трапілася жыць.
Для нашых жа хлопцаў самае галоўнае было тое, што ўся гэтая жывёла была траваедная, не драпежнікі. Яны сабе пасвіліся на лузе і нічым не пагражалі. Хлопцы супакоіліся, асмялелі і адчувалі сябе значна лепш, як у цёмным, небяспечным лесе.