Чалавек ідзе

Яна зменшылася бадай што напалову, і над вадой стаяў густы, белы туман, які з цягам часу не толькі не разыхсдзіўся, але ўсё больш гусцеў.
Па беразе ўзад і ўперад хадзіў бегемот і трывожна рыкаў. Толькі кракадзіл весела плюхаўся ў вадзе, але праз некаторы час і ён уцёк і схаваўся ў чаротніку.
Потым пачаліся скокі рыб. То там, то сям вытыркаліся з вады іх галовы, чым далей — усё часцей і вышэй, і нарэшце рыбы ўсёй масай заскакалі па рацэ. I адкуль толькі набралася іх столькіі Аніводнай пядзі вады не было спакойнай. Шмат павыкідалася на бераг, іншыя перавярнуліся ўверх чэравам і плавалі, нібы мёртвыя.
Людзі зараз жа кінуліся лавіць рыбу, але з крыкам адскочылі назад: вада была гарачая!
Недаўменна пазіралі яны на гэта дзіўнае з'явішча, нібы пытаючыся адзін аднаго: што гэта за цуд такі? Але гэта не перашкодзіла ім прыняцца за рыбу. Праўда, яна была яшчэ недавараная, але ўсё ж такі смачнейшая за ўсё тое, што яны елі да гэтага часу.
Тым часам скокі рыб спыніліся зусім, і вада пакрылася пластам мёртвае рыбы.
Шчодрая прырода пачаставала людзей такой юшкай, якой ніхто яшчэ не еў і не бачыў.
I людзі так наеліся, што ледзь валаклі ногі. Яны ўжо не дзівіліся, не цікавіліся незвычайнай з'явай. Па-першае, таму, што не ўмелі разважаць, а па-другое, чаго тут яшчэ разважаць? Бяры і еш, калі такі ласунак трапіўся!
Чым жа тлумачыцца гэтае дзіўнае з'явішча?
Кіламетраў за шэсцьдзесят адсюль, там, дзе на небасхіле дыміліся горы, пачаў дзейнічаць вулкан. Лававы паток павольна папоўз у даліну, дзе працякала рака, і ўвайшоў у ваду. Забілася, засіпела вада, і густая белая пара запоўніла даліну. Лава няўхільна пасоўвалася ўсё далей і далей; вось яна на сярэдзіне ракі. Але што там рабілася — праз пару нельга было бачыць. Ды мы і самі можам сабе гэта ўявіць.
А лава ішла сабе далей, перайшла на другі бераг і ўпёрлася ў той бок даліны. Стварылася незвычайная грэбля, праз якую і палілася вада. Цяжка апісаць, што там адбывалася. Але далей рака была ўжо гарачай...
Зажылі нашы людзі, як... людзі! Але... ненадоўга.
Праз дзень рыба была ўжо не такая смачная, праз другі — начала смярдзець, на трэці трэба было ўцякаць ад яе. А калі дадаць да гэтага яшчэ пах ад забітых волатаў, якія да гэтага часу зусім загніліся, то стварылася такое пекла, якога нават самыя непераборлівыя жывёлы не маглі б вытрымаць. Апрача таго, і піццёвай вады не было, бо ручай у рове цёк толькі ў час дажджу.
Як ні цярпелі людзі, як ні трымаліся, а нарэшце ўсё ж павінны былі пакінуць гэты багаты куток, дзе яны правялі столькі шчаслівых дзён і дзе яны зрабілі значны крон у сваім развіцці.
Калі яны адыходзілі, дык толькі ў чатырох чалавек была ў руках зброя, ды і то толькі таму, што гэта былі вельмі цікавыя косці.
Уся ж астатняя прылада засталася на месцы. Не было ў іх ні кішэні, ні торбы, ні вяроўкі для яе, а каб трымаць проста ў руцэ, трэба было ўвесь час памятаць, што яна калісьці яшчэ будзе патрэбна. А гэта ўжо не такая простая справа.
Патрабаваць ад іх, каб яны пэўна думалі аб будучым, яшчэ нельга было. Досыць ужо таго, што яны навучыліся думаць аб сучасным.
Паглядзім, што тым часам было з пакінутымі ў лесе хлопцамі.