Чалавек ідзе

А такіх мізэрных звяроў, як тагачасны чалавек, яны зусім не баяліся, не паважалі і адразу сунуліся наперад.
Вось тут і дапамаглі ранейшыя спробы чалавека па ўжыванню прыладаў або зброі.
Важак і Краг ухапілі два сукі і... выцялі па спінах таго-другога 3 няпрошаных гасцей. У першы момант здавалася, што гіены больш здзівіліся ад такога незвычайнага спаткання, чымся перапалохаліся. Ніколі яны такога ні ад каго не бачылі!
Потым гіены раззлаваліся і рынуліся ў сапраўдную бойку. Але цяпер ужо не толькі павадыр і Краг, але ўсе, хто мог, ухапіліся за зброю, і гіены павінны былі ўцякаць, пакінуўшы аднаго свайго забітага. Чалавек перамог.
Перамог ворага ў бойцы са зброяй у руках!
3 гэтага часу чалавек зрабіўся самай дужай, самай магутнай істотай на зямлі. Ен ужо мог нікога не баяцца, апрача такіх, як ён сам...
На жаль, новае здарэнне перашкодзіла ім як належыць усвядоміць і замацаваць свае набыццё.
Ужо некалькі часу недзе грукатаў гром, але дождж прайшоў міма.
Праз некаторы ж час зноў пачуўся гул, які ўсё набліжаўся ды набліжаўся. Крынічка пачала павялічвацца, а праз хвіліну з-за завароту рова вылецела хваля вады. На момант яна спынілася ля дынатэрыя, закруцілася, паднялася; труп заварушыўся і крануўся з месца.
Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Яны палезлі на дрэва. Вада яшчэ вышэй. Вось дынатэры павярнуўся бокам, зрушыў з месца, але зачапіўся за дрэва. Людзі пачалі паспешна вылазіць з рова па дрэве, некалькі чалавек вылезла, але дрэва не вытрымала націску, адарвалася ад кораня і шуснула ў ваду.
Вада панесла разам і дрэва, і людзей, і труп звера. На бліжэйшым завароце дрэва зноў зачапілася, і людзі выбраліся на бераг.
Усё гэта зрабілася вельмі хутка, але ніякага няшчасця не здарылася. Вада гэтак жа хутка прайшла, як і наляцела.
Але «дом» ужо быў сапсуты, вільготны, слізкі. Трэба было зноў ісці бадзяцца...
Ідучы ўздоўж рова, наш гурток выйшаў да шырокай ракі. Берагі яе былі даволі стромкія, і пад імі людзі знайшлі прытулак яшчэ лепшы за ранейшы. Тут аб'ядналіся разам усе выгоды: і лес, і луг, які пачынаўся за ровам, і шырокая рака, і зараснік, які падняўся ў тым месцы, дзе раўчук нанёс шмат пяску. А на небасхіле відаць былі горы; над імі нібы хмары, нібы дым.
Добра размясціўся наш народ пад выступам берага. Нават самая пячора была не ля вады, а значна далей і вышэй, што давала магчымасць быць далей ад непажаданых суседзяў, якія маглі быць у рацэ. Бязлесны бераг над галавой не пагражаў ужо, што з неба зваліцца якое-небудзь страшыдла.
У гэтым кутку мелася ўсё, што трэба чалавеку: і лясныя плады, і стэпавыя зёлкі, і рыба ў вадзе, і лугавая жывёла, і, нарэшце, шмат птушак, якія капашыліся ў чаротніку.
Усё было, толькі не ведаў яшчэ чалавек, як усё гэта скарыстаць.