Чалавек ідзе

Некалькі дзён пражылі яны на гэтым месцы. Хадзілі «на пашу» ці на паляванне і зноў збіраліся дамоў. Усё было б добра, але з кожным разам трэба было адыходзіць усё далей і далей, бо спажывы блізка ўжо не хапала. Але пакуль можна было, яны трымаліся на адным месцы.
Аднаго разу зранку іх разбудзіў нейкі грукат, нібы зямля трэслася. Часам сыпаўся пясок на галаву.
Людзі ўстрывожыліея, пачалі прыслухоўвацца, але ніякай небяспекі не было відаць. I вось пачуўся страшэнны трэск, абвалілася зямля, шаснула ўніз верхавіна дрэва, а за ёй паляцела нейкая гара і заваліла роў.
Каб гэта адбылося на некалькі крокаў бліжэй, нашы людзі прапалі б, а цяпер толькі некаторых трохі засыпала ды дрэва закрыла іхнюю пячору. Яно ўбілася верхавінай уніз, а вывернутае карэнне трымалася на беразе;
Няма чаго і казаць, як перапалохаліся людзі. Але яны зусім скамянелі, калі выглянулі праз галлё: гара варушылася, дрыгала, груды зямлі разляталіся ў бакі, а спыненая крынічка паднялася і пералівалася праз гэтую грэблю, як вадаспад...
А наверсе тым часам адбылося наступнае.
Па лесе ішла велізарная жывёліна, вельмі падобная да мастадонта, толькі яшчэ большая, а біўні ў яе тырчалі не ўперад, а проста ўніз. Гэта быў дынатэры (альбо дынацэры), самы вялікі звер з пароды сысуноў, якія толькі былі на зямлі (не лічачы вадзяных). У той час, аб якім тут гаворыцца, яны ўжо знікалі; можа, нават, гэта быў апошні.
На яго напалі вядомыя нам махайроды. Абараняючыся ад ворагаў, дынатэры ўсё адыходзіў, пакуль не падышоў да абрыву. Ён абапёрся задам аб дрэва, якое расло на самым беразе, і падрыхтаваўся да абароны. Становішча яго было добрае, бо ён быў забяспечан ад нападу ззаду.
Але... дрэва не вытрымала, вывернулася, і няшчасны звер паляцсў уніз разам з ім...
Дынатэры ляжаў на баку, упоперак рова, моцна сціснуты яго берагамі. Крыніца паступова размыла зямлю і зноў працерабіла сабе дарогу ўнізе, пад зверам, як пад мастом. Але дынатэры быў жывы; некалькі нязначных ран ад іклаў драпежнікаў яму не пашкодзілі. Ен біўся, хроп, але дарэмна...
Людзі павылазілі з-за свайго дрэва, ужо хацелі былі падысці, але раптам у трывозе кінуліся назад: у роў спусціліся махайроды і набліжаліся да сваей уласнай здабычы. Тут пачалося нешта такое, ад чаго нават у нашых людзей сціснуліся сэрцы. Махайроды накінуліся на жывога звера і пачалі яго жэрці. А волат толькі дрыжаў, хроп і нічога не мог ім зрабіць. У розных месцах паразрывалі скуру, павыядалі мяса, а дынатэры ўсё яшчэ быў жывы, бо пры яго велічыні і таўшчыні гэтыя раны не былі смяртэльнымі. I калі махайроды пад'елі і пайшлі — волат застаўся таксама жывы. Тады падышлі людзі. Даўно яны не елі мяса, голад прачнуўся, але. нешта стрымлівала іх, не давала кінуцца на жывога звера. Прайшоў некаторы час, звер усё яшчэ быў жывы, паступова, адзін за адным, людзі прыступіліся да яго...
Добра яшчэ, што махайроды зрабілі пачын, бо інакш людзі ні ў якім разе не маглі б прадраць скуры.
Але ледзь толькі яны пачалі «снедаць», як з'явіліся гіены. Гэтыя агідныя стварэнні здалёк чуюць, дзе можна пажывіцца, і заўсёды паспеюць на часта ванне. Звычайна яны сядзяць збоку і чакаюць, калі дужэйшы звер (леў або тыгр) пад'есць, і тады толькі атрымліваюць рэшткі.