Чалавек ідзе

Не меншай увагай карысталася і «ратунковая прылада». Дзеці цягалі яе і так і гэтак, урэшце зусім зламалі і доўга яшчэ махалі галінамі, не ведаючы, што ўжо гэтая гульня ёсць вялікае дасягненне.
Нават важак звярнуў на гэта ўвагу, ўзяўся за дубец, патрымаў яго, але, не ведаючы, што з ім рабіць, кінуў у балота.
Зноў яны падышлі да вялікага моманту і зноў прайшлі міма...
Тым часам Краг зусім ачуняў, падняўся і адчуваў сябе досыць добра.
Але, каб людзі ўмелі смяяцца, яны, пэўна, не стрымаліся б ад смеху, гледзячы на Крага. Сярод сваіх касматых братоў ён адзін быў «гладкі»; ліпучая гразь, пакрыўшая яго цела, цяпер засохла і надала яму такі выгляд, што нават сур'ёзныя таварышы неяк здзіўлена глядзелі на яго і пацешна крывілі свае морды.
Павалакліся далей. Мінулі балота, зноў увайшлі ў густы лес. Важак пільна азіраўся, бо ён ведаў, што ў гушчары заўсёды можна чакаць неспадзяванай небяспекі.
I сапраўды: не мінула і гадзіны, як раздаўся асабліва зычны і трывожны крык важака. Адразу ўсе замітусіліся і, нават не ведаючы яшчэ, адкуль і якая пагражае бяда, апынуліся на дрэвах.
Тады толькі разгледзелі, што паміж дрэў мільгаюць нейкія рудыя звяры, падобныя да нашых тыграў, толькі значна большыя. Гэта былі самыя страшныя драпежнікі не толькі таго часу, але і наогул. Завуць іх махайродамі. Апрача сілы, спрытнасці і лютасці, яны вызначаліся яшчэ сваімі вельмі вострымі ікламі-кінжаламі, сантыметраў пятнаццаці — дваццаці даўжыні, загнутымі і шчарбатымі.
Ільвы і тыгры перад імі былі нікчэмнымі, але чамусьці гэтыя махайроды даўно ўжо згінулі і лічацца «дапатопнымі», тады як слабейшыя ад іх ільвы і тыгры засталіся.
Апошнія людзі ледзь паспелі ўзлезці на дрэвы, як драпежнікі абхінулі іх. Махайродаў было штук восем — дзесяць. Відаць, яны былі вельмі галодныя, бо не адыходзілі ад дрэў, на якіх сядзелі людзі, увесь час пазіралі на іх і нават станавіліся на заднія лапы, каб дастаць да іх. Жудасна было глядзець, як яны круціліся на вокал.
Адзін з іх неяк падскочыў і зачапіўся пярэднімі лапамі і зубамі за ніжэйшую галіну. Ён круціўся, блытаўся, матаючы заднімі нагамі ў паветры. Людзі падняліся вышэй і з жахам сачылі за яго рухамі. Але, нарэшце, ён абарваўся і зваліўся на зямлю.
Другія прабавалі грызці дрэвы, так што трэскі ляцел з-пад іх страшэнных іклаў. Але праз некаторы час яны супакоіліся і паляглі пад дрэвам. Здавалася, яны парашылі чакаць, пакуль хто сам злезе...
Мінула гадзіна, другая. Махайроды і не думалі адыходзіць. А калі некаторыя і адыходзілі, то зараз жа зноў вярталіся. Відаць было, што яны зрабілі тут прыпынак на доўгі час.
Яшчэ гадзіна прайшла. Становішча людзей рабілася дрэнным.
Тады яны паспрабавалі пашукаць іншага выхаду — уцячы па дрэвах, як малпы,
Важак пера лез на сусед няе дрэва; за ім яго таварышы. Потым перабраліся на трэцяе. Горш за ўсіх было маткам з дзецьмі, але неяк перайшлі і яны. А далей было ўжо горш. Наступнае дрэва стаяла не так блізка, каб усе маглі легка перайсці. Спрытны Ра пераскочыў на суседнюю галіну, але яна так нахілілася і расхісталася, што іншым няварта было і думаць следаваць за ім.
Каб нашыя людзі маглі разважаць, то цяпер пэўна пашкадавалі б, што яны яшчэ мала падобныя да малпаў.
Тым часам махайроды пачулі шум у галлі і кінуліся ў гэты бок. Далейшая дарога была адрэзана...