У краіне райскай птушкі

Яны забыліся і на голад і на зморанасць. Адразу зрабілася легка не толькі на сэрцы, але і ў нагах. Яны ішлі так хутка і легка, нібы цэлы тыдзень адпачывалі. Ці бачыць іх брук? Час ужо, бо яны падышлі зусім блізка.
Але ніхто не ішоў насустрач. Можа, спяць?
Яны пачалі крычаць. Нешта заварушылася ў будцы. Значыцца, усё ў парадку.
Пералезлі цераз дротавую агарожу і тады ўбачылі, што ля кулямёта стаіць чалавек. Але... не Брук, а папуас! Чорны, з пер'ямі какаду на галаве, з ве правымі клыкамі на шыі, толькі чамусьці ў штанах.
Падарожнікі на хвіліну спыніліся як укапаныя, не ведаючы, што думаць і рабіць, але зараз жа нацэліліся з стрэльбаў.
— Не варта,— спакойна сказаў папуас на чыстай англійскай мове, схіліўшыся да кулямёта, які быў накіраваны прама на іх.— Калі я крыху дакрануся да кулямёта, вы ўсе загінеце.
Стрэльбы мімаволі апусціліся.
— Што гэта азначае? — здзіўлена запытаўся Скот.— Хто ты?
— Я — правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, былы місіянер Саку,— з гонарам адказаў папуас.
Каб сярод яснага неба ўдарыў зараз гром, ён так бы не аглушыў, як гэтыя словы! Дык вось яно што? Гэты «слуга божы», відаць, на дума у нешта нядобрае. Нездарма ён зноў зрабіўся дзікуном. Праўду кажуць людзі: як ваўка не кармі, ён усё ў лес глядзіць.
— Дык што ж, нарэшце, азначае ўся гэтая камедыя? — строга сказаў Скот, а сам адчуў, як сэрца сціснулася ад жаху.
Тым часам іх акружыла чалавек сто ўзброеных папуасаў; некаторыя з іх былі нават са стрэльбамі.
— Справа вельмі простая,— сказаў Саку.— Катэр ваш разбіўся на рацэ. Уся ваша маёмасць, як бачыце, у нашых руках, у тым ліку і вашы людзі. А цяпер і вы самі,— і ён наказаў рукой на сваё войска.
— Чаго ж вы хочаце ад нас? — запытаўся Скот крыху дрыжачым голасам.
— Нямнога: толькі пакараць містэра Скота за яго зверствы над маімі братамі, над маёй маткай і нявіннымі дзецьмі,— адказаў Саку.
Скот апусціў галаву і задумаўся. Ханубі і боцман паднялі стрэльбы, але зараз жа Саку дакрануўся да кулямёта; апрача таго, і ўсе папуасы паднялі зброю.
Скот і яго таварышы стаялі ў сярэдзіне агарожы, а за імі, па другі бок дроту, у некалькіх кронах стаялі папуасы з нарыхтаванымі пікамі, лукамі і стрэльбамі. Кожнаму зрабілася ясна, што аб супраціўленні не было чаго і думаць.
— Не турбуйцеся,— сказаў Саку,— вы не паспееце цяпер ніводнага з нас забіць. А Старку, Ханубі і яго таварышам зўсім не варта супраціўляцца: мы іх усіх без перашкоды адпусцім дадому. Нам патрэбен толькі галоўны злачынца.
Ад такой абразы Скот нават забыўся, у якім ён становішчы знаходзіцца. Вочы яго заблішчалі, ён выпрастаўся. Як? Гэты дзікун асмельваецца яго, англічаніна, назваць злачынцам? Але зараз жа ён апамятаўся. Што ён мог цяпер зрабіць?
— Для вас, як хрысціяніна,— сказаў ён нібы спакойным голасам,— такое самачынства — вялікі грэх. Хіба вы забыліся, што кажа Хрыстос?- Хіба вы не ведаеце, што чалавек не мае права самавольна судзіць другіх?
Саку ўсміхнуўся і выразна сказаў: