У краіне райскай птушкі

Але восем чалавек маглі на іх наступаць з розных бакоў. Так, паступова, крок за кронам, адстрэльваючыся, адыходзілі нашы сябры ўсё далей і далей — да вадаспада.
Ворагі былі яшчэ досыць далека, але, таксама хаваючыся за каменнямі, няўхільна набліжаліся. Качу ўжо крыху паранілі ў руку.
Урэшце ў іх застаўся апошні прытулак — некалькі каменняў ля самага вадаспада. Ззаду, як заслона, бялелася і шумела вада: яны былі ў самым кутку.
Сябры адстрэльваліся з-за апошніх каменняў. Ворагі паўзлі, набліжаліся. Адлегласць паміж імі ўсё змяншалася.
Раптам страляніна з кутка сціхла.
— Скончана справа! — сказаў адзін сіпай, устаючы.
— Лажыся! — крыкнуў яму Ханубі.
Але ўсё роўна было ціха. Мабыць, усе трое параненыя ці забітыя.
Усё ж такі ўставаць баяліся і асцярожна дапаўзлі да самых каменняў.
Але... там нікога не было!
Перагледзелі ўсе каменні, куточкі — няма дый годзе! Доўга маўчалі і толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго.
— Многа неспадзяванасцей нарабілі нам гэтыя чэрці,— сказаў нарэшце Старк,— але тут нешта ўжо зусім незразумелае.
Зноў пачалі шукаць, ці няма якога-небудзь уаахода ў пячору, краталі каменні, ці не зачыняюць яны якой-небудзь яміны ці дзіркі,— усё роўна нічога няма!
Вось адзін сіпай крыкнуў. Усе рантам азірнуліся на яго: ці не знайшоў? I сапраўды ён знайшоў, ды толькі... самародак з грэцкі арэх.
Убачыўшы золата, забыліся на ўсё ў свеце. Дружна прыняліся поўзаць па зямлі, капацца ў жарстве.
Паважаны містэр Скот поўзаў на карачках і капа ўся ў зямлі, як самы просты чалавек, і, здаецца, зусім забыўся аб англійскай дзяржаўнасці, аб тым, што ён павінен трымаць на належнай вышыні свой аўтарытэт. Грэк Кандаракі, здавалася, гатоў быў заграбці ўсю гэтую зямлю сабе ў ахапак.
Вось і боцман знайшоў велізарны кавалак, з курынае яйка. Кандаракі, здаецца, хацеў з'есці і гэтае золата і самога боцмана. Вось другі сіпай знайшоў. Кожны баяўся спазніцца, каб другі не знайшоў той кавалак, які вось тут недзе блізка павінен ляжаць.
Нават у Скота вочы заблішчалі ад зайздрасці. Палову таго, што яны знайшлі, ён атрымае за свае выдаткі і досыць заробіць на гэтым. Але ўсё ж такі, каб ён сам знайшоў, тады б яно цалкам засталося яму аднаму.
Тым часам неба пачарнела і пайшоў дождж, але золаташукальнікі не зварачалі на гэта ўвагі. I калі ўдарыў гром, грукат ад якога пракаціўся па гарах тысячамі рэхаў, заблішчала бесперапынку маланка і паліў дождж ручаём, тады толькі яны адышліся і прытуліліся пад скалой.
Словы «бесперапынку» і «ручаём» тут трэоа разумець літаральна: сапраўды, маланка ў такіх старонках блішчыць бесперапынку і, сапраўды, дождж льецца не кроплямі, а струменямі.
Зразумела, што ад такога дажджу ды яшчэ сярод гор, дзе вада раптам ляціць з усіх бакоў уніз,— рачулка адразу разлілася, і не паспелі нашы падарожнікі падумаць аб небяспецы, як іх падхапіў дзікі бег ракі (ужо ракі!) і панёс уніз...
Дарэмна яны чапляліся за сцены, за каменні,— нічога не памагала. Сіла і хуткасць былі такія, што трэба было думаць не аб тым, каб затрымацца, а аб тым, каб ухіліцца ад скал, каб не разбіцца аб іх.
Нашыя трое сяброў таксама перажывалі жудасныя хвіліны. Яны сядзелі... пад вадаспадам!
Кожны разумев, што бягучая вада не можа спышцца раптам, падаючы з вышыні, не можа з разбегу падаць прама ўніз. Яна павінна падаць дугой, як падае кінуты намі камень. Значыцца, калі сцяна стромкая, вада будзе падаць крыху далей ад яе падножжа, асабліва ў тых выпадках, калі бег вельмі хуткі.