У краіне райскай птушкі

— I на гэты раз ужо наперадзе,— зазначыў Кандаракі.
Зноў пачалася гаворка аб гэтым таемным кані. Зноў пайшлі розныя здагадкі.
Толькі Файлу замест конскага следу пільна прыглядаўся да Чунглі. Той азірнуўся, вочы іх сустрэліся, і, здавалася, без ніякіх слоў яны зразумелі адзін аднаго...
— Значыцца, гэты чалавек ці два,— бо раз, здаецца, мы бачылі двух,— ужо тут,— сказаў Скот.— Няўжо яны ўвесь час за намі сочаць? Але ж да гэтага часу нічога дрэннага нам не зрабілі.
— Хацеў бы я паглядзець,— заўважыў боцман,— як гэта адзін ці два чалавекі паспрабавалі б нам што-небудзь дрэннае зрабіць.
— I то праўда,— згадзіўся Скот.
Хутка заўважылі, што сляды пайшлі ў бакавую далінку, і сказалі аб гэтым Скоту.
— А нам як трэба ісці? — запытаўся ён у Чунглі.
— Прама,— адказаў той.
— А я думаю,— умяшаўся Файлу,— мы нічога не страцім, калі заглянем убок. Далека ісці не прыйдзецца.
— Я таксама лічу, што трэба нарэшце высветліць гэтую таемную гісторыю,— падтрымаў Кандаракі.
— Паспрабуем,— згадзіўся Скот,— толькі нядоўга. Няварта траціць часу на іх, калі яны нас не чапаюць.
Пайшлі. Наперадзе сіпаі з нарыхтаванымі стрэльбамі ў руках, за імі Скот і боцман, далей Чунглі, а ля яго з аднаго боку Файлу, а з другога — Кандаракі з рэвальверамі ў руках.
Чунглі стараўся надаць сабе самы бесклапотны выгляд, але сэрца яго білася так, што ён нават баяўся, каб не пачулі суседзі.
Зрабіўшы некалькі заваротаў, яны сапраўды ўбачылі спутанага каня, які спакойна пасвіўся сабе на зялёным лужку.
Смешна было глядзець, як дзесяць чалавек са стрэльбамі, рэвальверамі, бомбамі, азіраючыся ва ўсе бакі, падкрадваліся да каня, нібы да нейкага незвычайнага страшыдла.
Конь падняў галаву, здзіўлена паглядзеў на войска і трохі адскочыў убок. Падарожнікі акружылі яго, памацалі,— звычайны конь і больш нічога. Больш нідзе нікога не было.
Паглядзелі адзін на аднаго і — засмяяліся.
— Ну, і што ж цяпер будзем рабіць з ім? — запытаўся боцман.
— Мусіць, нічога,— сказаў Скот.— Узяць з сабой не можам, бо самім прыйдзецца лазіць па скалах. Заставацца або пакідаць каго пільнаваць — не варта. Усё роўна, калі гаспадар не захоча паказацца, дык і не пакажацца.
I сапраўды, нічога іншага не заставалася рабіць. Падзівіліся, пагаварылі і пайшлі назад.
Даліна паступова пачала звужацца. Горы набліжаліся з абодвух бакоў і рабіліся ўсё больш і болып стромкімі. Вось яны ўжо зусім сціснулі раку, якая пачала біцца, як шалёны конь.
Берагі зніклі, і ўжо нельга было ісці на перад.
Скот азірнуўся на Чунглі.
— Ну, што цяпер будзем рабіць? — запытаўся ён.
— Тут павінна быць сцежка,— сказа ў Чунглі, азіраючыся, і паказаў на адно месца, дзе па каменнях сяк-так можна было падняцца ўгору, а там далей, здавалася, можна было прайсці па беразе.
— Вядзі! — загадаў Скот.