У краіне райскай птушкі

— Значыцца, твой бог заступаецца толькі за белых? Ты ж сам казаў, што за ўсіх,— адказалі яму сябры.
— За ўсіх тых, хто не робіць злачынства, хто любіць бога і людзей, хто не робіць нікому аніякай шкоды. А хто бога не слухае, таго ён карае,— намагаўся растлумачыць Саку.
— Пачакай,— сказаў Мапу,— хіба ж яны не робяць ніякай шкоды? Хіба яны не забралі ў нашых суседзяў зямлю? Хіба яны не прыехалі сюды, каб і нашу зямлю забраць! Хіба яны не ашукалі нашых пасланцоў? Хіба яны не забіваюць нас?
— Хто зрабіў грэх, таго бог сам будзе судзіць і караць, а не мы,— адказаў Саку.
— А чаму ж ты толькі што казаў, што белыя самі прыйдуць і пакараюць нас, калі мы заб'ём гэтага чалавека? — сказаў Мапу.— Чаму ж яны не хочуць чакаць, пакуль бог сам будзе судзіць?
Саку зноў з прыкрасцю ўбачыў, як цяжка дагаварыцца з гэтымі цёмнымі людзьмі. Яны бачаць і разумеюць толькі тое, што тычыцца іх непасрэдных інтарэсаў, а падумаць глыбей, аб сваёй душы, яны не хочуць ці не могуць.
Ен замаўчаў і пачаў прыдумваць другія спосабы, каб дапамагчы містэру Бруку.
Брука павялі ў адну хаціну, дзе ён павінен быў правесці апошнюю ноч у сваім жыцці. I вось па дарозе ён убачыў Саку!.. Брук спыніўся, пабялеў, пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але не мог вымавіць слова.
Саку стаяў і быццам чытаў біблію, як ён звычайна рабіў. Усё насельніцтва прывыкла бачыць яго заўсёды з бібліяй і лічыла, што ў гэтай прыладзе захоўваецца тая цудоўная сіла, якую прывёз Саку ад белых.
Як толькі Брук падышоў бліжэй, Саку, нібы чытаючы біблію, сказаў па-англійску:
— Містэр Брук! Не звяртайце на мяне ўвагі. Я спадзяюся, што сёння ўначы вызвалю вас.
Надзея асвятліла ўвесь твар Брука. Кожнаму, хто паглядзеў бы ў гэты момант на яго, магло б здацца, што гэта самы найлепшы, самы ласка вы чалавек у свеце.
Яго пасадзілі ў адну з хацін, больш шчыльную, хаця і без дзвярэй, і паставілі вартаўніком франта з вапнянай галавой. Вартаўніка паставілі на кожны выпадак, бо Брук быў звязаны так моцна, што і думаць не мог уцячы. Апрача таго, на ноч яго зноў агледзелі і перавязалі.
Саку ўсё ламаў галаву, што яму рабіць? Падкрасціся і развязаць Брука ні ў якім разе нельга было, асабліва ўначы, калі кожны шолах легка пачуць. 3 вартаўніком таксама нічога не зробіш. Заставаўся толькі адзін, няпэўны, але апошні план.
Не чакаючы, пакуль будзе позняя ноч, ён, нібы шпацыруючы, падышоў да вартаўніка.
— Ты адзін будзеш стаяць усю ноч? — запытаўся Саку.
Варта ўнік павярнуўся.
— Не, з поўначы мяне зменяць,— адказаў ён. Тым часам Саку непрыкметна кінуў праз дзверы
нож.
— Ну глядзі, пільнуй добра! — сказаў тады Саку і пайшоў сабе далей.
Брук бачыў, як падыходзіў Саку, ведаў, з якім намерам, але ніяк не мог уцяміць, якім чынам ён дапаможа. А што калі не ўдасца?
Пры гэтай думцы дрыжыкі пайшлі па спіне.
I вось у гэты момант каля яго ўпаў нож. Брук зразумеў...
Але далека было яшчэ да вызвалення. Перш за ўсё — як скарыстаць гэты нож, калі Брук увесь звязаны і ляжыць як калода? Па-другое, як распачаць працу, можна сказаць, на вачах вартаўніка? Кожны рух будзе чутны, а тут, можа, прыйдзецца варушыцца ўсю ноч.
Тады Брук пачаў наогул варушыцца, енчыць. нават лаяцца. Вартаўнік спачатку здзівіўся, падышоў, паглядзеў на яго. Брук усё енчыў ды варушыўся. Папуас, урэшце, прызвычаіўся да гэтага енку. Ен і сам разумеў, что чалавек перад смерцю можа быць неспакойны.
Пасля таго Брук узяўся за працу. Спачатку ён паспрабаваў легчы спіной на нож і разрэзаць аб яго вяроўкі на руках, але нож ляжаў бокам, і нічога нельга было з ім зрабіць. Тады ён узяў нож у зубы і пасля вялікіх усілкаў здолеў разрэзаць вяроўку на плячы. Але як дастаць рукі, якія звязаны ззаду?..
Тады ён надумаўся зубамі ўтыркнуць нож у плеценую сцяну. Доўга ён валаводзіўся з гэтым. Многа разоў утыркаў, але кожны раз нож ці ад разу звальваўся, ці пасля таго, як дакранешся рукамі. Шчокі і губы Брука былі парэзаны, з іх цякла кроў...