У краіне райскай птушкі

Хаця справа была і непрыемная, але таварышы не маглі ўтрымацца ад рогату. А тым часам і каля іх ужо загуло, і замест дапамогі яны самі пабеглі прэч.
Здарэнне было простае: Брук трапіў нагой у асінае гняздо і пацярпеў за гэта.
Ну і лаяўся ж пасля таго містэр Брук! Усім ласта лося: і восам, і какаду, і папуасам, і Новай Гвінеі наогул! I было за што, бо ўвесь твар яго ўспух, вочы заплылі, і, глянуўшы на яго, цяжка было ўтрымацца ад смеху. Асабліва радаваліся Чунглі і Файлу, два ворагі, якія аднолькава жадалі «дабра» містэру Бруку.
Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. 3 затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узбровных лукамі і ггікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.
Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.
— Мне пачынае ўжо здавацца,— сказаў Скот,— што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.
— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так легка будзе,— сказаў Кандаракі.
Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:
— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!
Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».
Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера.
Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.
— Гэта табе здалося,— сказалі боцману.
Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.
Як ні глядзелі, як ні пільнавалі,— ніхто больш не бачыў яго; усе пераканаліся, што Старк памыліўся. Той нават раззлаваўся:
— Хіба я сляпы або п'яны? — агрызаўся ён.— Пакуль што вочы служаць, і я не магу ім не верыць.
Праўда, стары марскі воўк меў вочы, не горшыя за іншы бінокль, але... усё ж такі не можа быць таго, чаго не можа быць. Адзін еўрапеец на кані не мог бы сюды траігіць, а папуас, не гаворачы аб іншым, адкуль возьме каня?
Яшчэ праз колькі дзён убачылі з правага боку другую раку, якая была не меншая за Фляй. Гэта быў прыток Стрыкленд. Уліваецца ён у раку Фляй прыблізна пасярэдзіне яе даўжыні, значыцца, засталося ехаць яшчэ паўдарогі.
Але ўжо зусім пры іншых умовах...
Тут місіянер сказаў, што ён хоча высадзіцца.
— Вы ж казалі, што вам трэба да пачатку ракі,— сказа ў Скот.
— Я там і буду,— адказаў місіянер.— Напрасцень гэта не вельмі далека. А пакуль я пашукаю маю матку. Тут жывуць тыя, хто ўзяў нас у палон.
— Можа, на кожны выпадак возьмеце рэвальвер? — прапанаваў Скот.
— Не трэба,— сказаў місіянер.— Драпежных звяроў няма, а супраць людзей я маю вось гэтую зброю,— і ён паказаў на біблію.
— Ну, жадаю вам усяго найлепшага,— сказаў Скот і першы раз у сваім жыцці працягнуў руку чорнаму.
Місіянер узяў торбу, біблію, развітаўся з усімі і знік у гушчары.