У краіне райскай птушкі

Потым рыфы паступова сталі адыходзіць далей ад берага. Катэр выходзіў у адкрытае мора, і адразу адчулася хваляванне, тое звычайнае хваляванне, якое завуць «мёртвы зыб» і якое заўсёды бывае ў адкрытым моры нават пры самым ціхім надвор'і. Карабл! яго не адчуваюць, а лодкі часам добра калыша.
Бераг павярнуў на поўнач; стала цішэй. Ішлі ўсю ноч і раніцою дабраліся да станцыі Доэр, якая стаіць недалёка ад вусця ракі Фляй.
Станцыя Доэр з'яўляецца ўжо дзяржаўным пунктам. Тут ёсць некаторыя ўстановы: пошта, суддзя, школа і нават царква.
Экспедыцыя мела на мер прастаяць тут цэлыя суткі, бо гэта быў апошні культурны пункт, дзе можна было канчаткова падрыхтавацца, набыць недастаючыя рэчы і запасы.
Вядома, НІХТО з удзельнікаў экспедыцыі нікому не казаў, куды і чаму яны едуць. Ды і не ўсе яны самі гэта ведалі.
Каманда катэра па чарзе выходзіла на бераг, і Чунглі таксама было дазволена пагуляць па беразе, вядома, пад наглядам сіпаяў.
Між іншым, Скот і Брук захацелі зайсці ў царкву. Там якраз тоўсты місіянер казаў пропаведзь. Слухалі яго чалавекі са два белых і дваццаць — трыццаць цёмных. Місіянер казаў, што хоць чорныя і малодшыя браты белых, але ўсё ж такі браты, і бог любіць іх усіх. Затое трэба таксама любіць бога і выконваць яго загады. Вось, напрыклад, чаму белыя вышэйшыя, дужэйшыя, багацейшыя і разумнейшыя за ўсіх? Таму, што яны пакланяюцца адзінаму сапраўднаму богу і слухаюцца яго закону. А чаму чорныя ніжэйшыя? Зразумела, таму, што яны не ведаюць хрысціянства. I першы наказ хрысціянства — гэта любіць усіх і слухацца старшых. Але сярод вас часта здараецца, што вы не любіце і нават не слухаеце сваіх старшых братоў — белых і г. д., і г. д.
Тут жа стаялі чорныя вучні місіянерскай школы, стрыжаныя, досыць чыстыя, усе ў кашулях, зусім не такія, як голыя беспрытульныя папуасікі. Іх і кормяць, і даглядаюць, і адзяюць, і вучаць дарма. А праз некалькі год з іх таксама выходзяць місіянеры.
У выніку ствараецца вельмі выгадная камбінацыя: выхаванне і праца чорных місіянераў патрабуе менш паловы тых грошай, якія трэба было б выдаткаваць на белых. Да таго ж праца чорных місіянераў сярод сваіх братоў куды больш прадукцыйная, чымся праца чужых, белых.
Пасля малебства місіянер падышоў да Скота і Брука і, даведаўшыся, што яны едуць уверх па рацэ Фляй, стаў прасіць, каб яны падвезлі аднаго з іх чорных выхаванцаў. які адпраўляўся да папуасаў на місіянерскую работу. Скот згадзіўся.
У гэтай старонцы прыезд белых заўсёды з'яўляецца вялікім здарэннем, бо бывае гэта ўсяго некалькі разоў у год; вядома, начальник пункта адразу даведаўся аб прыездзе гасцей, і Скот быў вымушаны наведацца і да яго.
Начальник пункта, містэр Сміт, сустрэў Скота радасна, і першым пытаннем яго было, куды і чаго яны едуць.
Скот загадзя падрыхтаваўся да адказу, што ён едзе лавіць сваіх уцекачоў-рабочых.
— Добрая справа, містэр Скот! — абрадаваўся Сміт.— Нам было б значна лягчэй, каб усе гэтак рабілі. А то вось бачыце, колькі ў нас абвестак аб уцекачах, нават па дваццаць пяць долараў абяцаем за кожнага, а толку мала. Можа, вам патрэбна дапамога? Я магу дань людзей.
«Дзякуй табе»,— падумаў Скот і сказаў: —Не трэба, я ўзяў столькі людзей, колькі можа змясціць катэр. Папросім дапамогі, калі будзе бяда. А што чуваць там, у сярэдзіне?
— Як заўсёды — нічога. Наша ўлада дасягае толькі міляў на дваццаць пяць ды па рацэ міляў на пяцьдзесят, а там яны жывуць самі па сабе, як жылі тысячу гадоў назад. Не раю і вам далека ехаць.
— Я маю некаторыя пэўныя весткі,— адказаў Скот,— датуль і паеду.
Каля катэра тым часам сабраліся разявакі — і чорныя, і белыя, і жоўтыя. Каманда пагружала апошнія запасы.
Пад вечар прыйшоў пасажыр, місіянер. Гэта быў малады чалавек гадоў дваццаці двух, убраны ў чорнае адзенне, ціхі, смірны. Цераз плячо вісела торба, а ў руках ён увесь час трымаў біблію. Звалі яго Саку.
Дзіўна было глядзець на гэтага папуаса, які па добрай ахвоце ішоў служыць на карысць сваім белым гаспадарам.
Ледзь золак катэр пайшоў да ракі Фляй.