У краіне райскай птушкі

— Хто тут? — запытаўся Чыкчу.
— Тсс!..— прашаптаў незнаемы.— Гэта я, Чунглі.
— Ты?! — крыкнуў Чыкчу і, забыўшыся пра боль, ускочыў з пасцелі.
— Ціха! Што ты робіш? Ты загубіш мяне! засіпеў Чунглі.
I сапраўды Файлу пачуў і заварушыўся.
— Кладзіся! — прашаптаў Чунглі і сам лёг на зямлю.
У гэты самы момант адзін з рабочых голасна забалбатаў нешта праз сон. Файлу супакоіўся. Пачакаўшы некаторы час, Чунглі запытаўся:
— Дзе брат?
— Няма,— адказаў Чыкчу.
— Памёр?
— Не, уцёк.
Чунглі ажио застагнаў ад роспачы.
— Куды? Чаму?
— Пасля таго як ты ўцёк,— пачаў шаптаць Чыкчу.— уся злосць Брука накіравалася на твайго брата. Брук шяк не мог і цяпер не можа забыцца, галоўным чынам, на тое, у якім ён быў смешным становішчы перад усімі рабочымі і што ён не мог пакараць цябе. Яму ўвесь час здавалася, што рабочыя смяюцца з яго. Калі ён бачыў, што хто-небудзь усміхаецца, то зараз жа пускаў у ход бізун. Асабліва даставалася Хунь-чжы. Не было таго дня, каб яго не білі. Вядома, каб дагадзіць Бруку, сабака Файлу стараўся яшчэ больш. Хуньчжы зусім не магчыма стала жыць, тым болей, што і ў будучым ён нічога добрага не мог чакаць: Брук проста сказаў, што Хуньчжы павінен будзе працаваць хоць дзесяць год, пакуль не адпрацуе за цябе. Акурат у гэты час збіраўся ўцякаць папуас Качу. Хуньчжы надумаў уцячы разам з ім, бо, як тутэйшы, Качу быў вельмі карысны для яго. I вось ужо чатыры дні, як яны ўцяклі,— скончыў Чыкчу.
— Толькі чатыры дні? — уздыхнуў Чунглі.
— Толькі, спазніўся ты крыху,— спачувальна сказаў Чыкчу.
Чунглі апусціў галаву і быццам скамянеў. Такі жаль ахапіў яго, што ён гатоў быў плакаць. Цэлы год ён вандраваў, толькі цудам ухіліўся ад смерці, урэшце зарабіў столькі, колькі яны абодва не зарабілі б за дзесяць год, рызыкнуў сваім жыццём, каб забраць з сабой брата і вярнуцца да дому,— і вось усё гэта дарэмна! Як ён адзін будзе прабірацца дадому, пакінуўшы тут брата? Ці шукаць яго? А прыйдзі ён на чатыры дні раней...
— Чаму ты вярнуўся сюды? Хіба не ведаеш, што табе пагражае? — пытаўся Чыкчу.
— Ведаю, добра ведаю. Але я прыйшоў, каб узяць брата і з ім уцячы дадому. Я цяпер ужо маю столькі грошай, што хопіць нам на двух.
— Адкуль?
— У сярэдзіне вострава ёсць невядомыя горы, дзе яшчэ не была нага белага сабакі. Там я знайшоў золата.
Нешта мільганула каля іх; праз некаторы час ціхенька рыпнулі дзверы...
— Вось шчаслівец! — зайздросліва сказаў Чыкчу.
— Хто табе забараняе таксама шукаць шчасце? — адказаў Чунглі.— Але трэба праўду сказаць, што гэта толькі шчаслівы вынадак, на які спадзявацца нельга. Я не дзеля гэтага ўцякаў, а быў вымушаны. I раіць нікому не буду, бо не заўсёды пашанцуе. Але калі каму-небудзь з вас нічога ўжо не застанецца рабіць, як тады было мне,— скажы, хай шукаюць месца Абу за сто кіламетраў на захад ад пачатку ракі Фляй. Ну, бывай здароў!
— Што ж ты цяпер будзеш рабіць? Куды пойдзеш? — спытаў Чыкчу.