У краіне райскай птушкі

Гэтыя дрэвы належаць да аднаго роду з нашай травой малачаем, але тут яны дасягаюць велічыні дуба. Тры тысячы дрэў былі пасаджаны правільнымі радамі, і паміж іх завіхаліся рабочыя.
Гуму дае сок гэтых дрэў, і здабыча яго падобна да таго, як у нас увесну здабываюць сок з бяроз. Каўчукавы сок падобны да малака, толькі гусцейшы.
Каля плантацыі было раскладзена многа вогнішчаў. Рабочыя з лесу прыносілі сюды гаршкі з сокам. Другія мачалі ў сок дошчачкі і трымалі іх над дымам.
Сок гусцеў. Тады зноў мачалі гэтую самую дошчачку і зноў капцілі, і так некалькі разоў, пакуль не набіраўся вялікі камяк. Тады яго разразалі, адкладвалі кавалкі гумы, а дошчачку зноў мачалі. Ля вогнішчаў ляжалі вялізныя кучы гумы. Сок з лесу падносілі ды падносілі. Паміж рабочых хадзіў наглядчык малаец Файлу і паддаваў духу бізуном.
Гэты Файлу быў сам рабочы, але за тое, што вельмі дагаджаў гаспадарам, ён быў зроблены старшым над рабочымі і выконваў свае абавязкі не за страх, а за сумленне.
Ен усё выгледжваў, падслухваў, сачыў за кожным крокам рабочых і паведамляў гаспадарам. Рабочыя яго не любілі нават больш, як містэра Брука, бо Файлу быў бліжэй да іх і больш шкодны.
Разы са два рабочыя яго пабілі, але гэта ім вельмі дорага каштавала: адзін з іх быў так збіты, што праз некалькі дзён памёр, а другі ледзь застаўся жывы.
Усе рабочыя былі «каляровыя» : жоўтыя кітайцы, карэйцы, японцы, цёмныя малайцы, чорныя негры, але не з Афрыкі, а з Амерыкі, бо ім там вельмі дрэнна жывецца.  Асабліва  многа было кітайцаў.
Нездаровы клімат, дрэннае харчаванне і безупынная праца адбіліся на ўсім іх выглядае. Трымала ўсіх толькі адна надзея, што вось яны скончаць свой тэрмін і вернуцца дадому «багатымі».
Падышлі Брук і Кандаракі. Файлу падскочыў і пачаў скардзіцца, што сушыльшчыкі вельмі марудна працуюць, не паспяваюць.
— А навошта ў цябе ў руках бізун? — опыта ў Брук.
— Не памагае: сама праца ўжо такая марудная.
— Гэта праўда,— сказаў Кандаракі.— Я даўно ўжо кажу, што трэба перайсці на хімічнае згушчэнне соку. У другіх месца х даўно гэтак робіцца.
— Калі яно больш выгадна, трэба будзе абмеркаваць,— адказаў Брук.
Увайшлі ў лес. Рабочыя яшчэ больш замітусіліся. Каля аднаго дрэва Брук раптам спыніўся і, паказваючы рукой, сурова запытаўся ў Файлу:
— Што гэта такое? А? Файлу замармытаў:
— Я... Я... не бачыў... Гэта Чык-чу.
— А ты дзеля чаго тутака? —крыкнуў Брук і, падняўшы бізун, апусціў яго на спіну Файлу. Той толькі схіліўся да зямлі і жаласна замармытаў:
— Выбачайце, дарагі пан... больш не буду... Тым часам сюды спяшаўся небарака Чыкчу, якому была даручана гэтая частка дрэў. Падбег і збялеўся.
Гаршчок быў ужо даўно поўны, і гумавы сок цёк праз верх.
Брук нават не паглядзеў на кітайца і, адыходзячы, толькі сказаў Файлу:
— Глядзі ў другі раз...