Сын вады

Трэці дзень злуе бура. Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хоць стаіць лета — снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далека чуецца, як раве мора, але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не можа. А потым зноў спакойна, толькі дождж булькав па вадзе ды наверсе вецер шуміць.
I трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тайдо. Палова яе добра схавана пад зробленай над ёй паветкай, сюды дождж амаль не дасягае. Тут і размясцілася ўся сям'я Тайдо: жонка, дзевятнаццацігадовы сын Манг ды двое малодшых дзяцей — дзяўчынка дзесяці год і шасцігадовы хлопчык.
Але з другога краю дождж у лодку льецца. — Вылівайце   ваду! — час   ад   часу   загадвае бацька.
I тады дзеці чарпакамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чоўна.
I так трымаюцца трэці дзень.
Можа,   вы   падумаеце,   што   гэта   якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца непагода?
Не, гэта звычайная сям'я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта не надта ім рупіць, бо дождж гэты таксама звычайнае з'явішча. I ўлетку і ўзімку — заўсёды ён восеньскі, халодны, і цягнецца, бывае, цэлымі тыднямі.
Розніца паміж летам і зімой толькі тая, што ўлетку ўсё ж такі крыху цяплей, часам бывае пятнаццаць градусаў цяпла, часцей выпадаюць сонечныя дзянькі і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе і снег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.
Там, наверсе, у гарах, мароз бывае, снег застаецца і ўлетку і ледавікі спускаюцца ўніз, але тут, на вадзе, можна сказаць, заўсёды восень.
Вось чаму нашы жыхары былі спакойныя і не лічылі сябе няшчаснымі.
Народ гэты, так званыя фуіджы, здаўна ўжо жыве такім чынам у заходняй частцы Вогненнай Зямлі і на бліжэйшых астравах ля Паўднёвай Амерыкі, або, лепш сказаць, каля Магеланавай пратокі.
Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык тут мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры.
Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Чаму ж яны абралі сабе гэты спосаб жыцця?
Таму, што на зямлі яшчэ горш, бо сядзець на голым каменні сярод вады зусім немагчыма. I яны дапасавалі свае жыццё да вады.
I ўвесь іх выгляд дашісаваўся да іхняга жыцця.
3 прычыны та го, што ўвесь свой век яны праводзяць, скурчыўшыся на лодцы, што яны не маюць магчымасці размяць свае цела, яно зрабілася нейкае мяккае, пухкае, круглае, нібы раздутае, а рукі і ногі тонкія і кволыя. Асабліва кідаліся ў вочы маленькія дзеці: гэта былі нібы пузыры, у якія ўторкнуты тонкія дубцы.
Колер скуры брудна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, а нос роўны, прамы, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара, і каб іх не вырывалі спераду, то чалавек і свету не бачыў бы.
Нягледзячы на халодны клімат, яны былі голыя, але ў кожнага з шыі спускалася скура якога-небудзь марскога звера — маржа, марскога коціка. Гэтыя скуры трэба лічыць не адзеннем, а заслонай ад ветру. Імі прыкрывалі той бок, адкуль дзьмуў вецер, а другі бок застава ўся голым.