Сын вады

На паўночным і заходнім баку відаць была расліннасць, але шмат часу прайшло, пакуль знайшлі зручнае месца, каб прыстаць і вылезці. 3 паўкіламетра трэба было яшчэ прапаўзці па голых каменнях, пакуль падышлі да хмызняку. Але і хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза, і рос ён не ўверх, як усе добрыя расліны, а слаўся каля зямлі і пераплёўся так, што стварыў нейкі зыбучы насціл, праз які людзі правальваліся на кожным кроку. А ўнізе было цёмна, вільготна. Спрабавалі былі яго ламаць і сячы, але хутка пераканаліся, што нічога з гэтага не выйдзе. Не з іхнімі прыладамі трэба было брацца за такую працу.
Толькі ўсцешылі іх нейкія чырвоныя ягады, нібы парэчкі, якія раслі сярод гэтага паўзучага хмызняку. Гэтыя ягады былі ім знаёмыя: з іх яны нават умелі рабіць хмельнае піво.
Жанчыны і дзеці засталіся збіраць іх, а мужчыны пайшлі далей, туды, дзе відаць быў лес.
Наперадзе ішоў Манг, які толькі і думаў аб тым, як здабыць сабе матэрыял для кану.
Лес быў таксама нейкі асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых парод, што растуць толькі ў цёплых краях. Такая ўжо тут прырода, што не разбярэш, ці халодны клімат ці цёплы.
Тут ужо галля лягчэй было набраць, але ж затое Манг набегаўся, пакуль знайшоў сабе больш-менш роўных жэрдак. А потым панадзіраў і кары.
— А ты ўсё ж такі за свае бярэшся? — нездаволена бурчаў бацька.
— Ды яно ўсё роўна будзе патрэбна,— апраўдваўся Манг.
АеаблАва цяжка было перацягнуць усё гэтае дабро да лодак праз хмызняковы насціл, а потым па скалах. Да вечара яны паспелі прынесці толькі па адной вязцы.
— А ну яго! — ска за ў змораны Тайдо.— Лепш ужо паліць марскую траву.
— Калі прыехалі сюды, дык трэба набраць дрэва,— настойваў Кос.
Затое пераначавалі на беразе ля вогнішча, больш шчодрага, як заўсёды. Ды і прыемна было вольна расцягнуцца на зямлі пасля шматдзённага сядзення ў лодцы.
Назаўтра прынеслі яшчэ па некалькі вязак, а Манг перацягнуў усе свае матэрыялы.
— Ну, а што цяпер будзеш рабіць з імі? — усміхнуўся Тайдо.
— Човен,— адказаў Манг і пачаў наладжваць жэрдкі.
Старыя зірнулі адзін на аднаго і паківалі галовамі.
— Вось упарты якіі — нібы сурова сказаў Тайдо, але відаць было, што ён не злуе.
— Справа добрая,— падтрымаў Кос,— усё роўна, не цяпер, дык у наступным годзе рабіць прыйдзецца.
А назаўтра ўжо абедзве сям'і разам працавалі над лодкай. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодка, жанчыны сшывалі кару. Кос ахвяраваў і тое, што ў іх было раней пашыта. А Манг насіўся, нібы на крылах.
I ўсе прысутныя, нават дзеці, лічылі, што гэта шыецца дом для Манга і Мгу. Толькі адзін Манг пра гэта не хацеў думаць.
Праз некалькі дзён побач з двума чоўнамі з'явіўся трэці. I ніводнага жалезнага цвіка не было ў гэтым чоўне.