Сын вады

Але ўсе буры — нішто перад гэтымі скаламі, якія пільнуюць маракоў не толькі над вадой, але і пад вадой.
Б'ецца карабель у моры, насмерць змагаецца з бурай, кожны момант знаходзіцца ён на валасінку ад смерці, але надзея ўсё ж трымаецца ў сэрцы людзей. Але вось раздаецца крык: «Зямля!» — і ад гэтага, здавалася б, жаданага слова кроў стыне ў жылах, сэрца сщскаецца, надзея гасне і смерць заглядае ў вочы.
I цяпер ужо на караблі толькі адна думка: уцячы як мага далей ад благаславёнай зямлі, уцячы туды, у гэты страшны, цёмны акіян. Ен, гэты жудасны, бурны акіян, цяпер ужо здаецца ласкавым, мілым і жаданым.
Добрых вартаўнікоў мае зачараваны горад! Карыстаюцца гэтым і кіты: хоць самі яны і не могуць змясціцца ў вузкіх вуліцах, але затое ахвотна пускаюць туды сваіх дзяцей.
Двор, у якім апынуўся човен Тайдо, мы б назвалі маленькім возерам або сажалкай сярод скал. Апрача галоўных сцен выступалі, нібы надворныя будынкі, меншыя скалы, але ўсе разам шчыльна зачынялі выхад, акрамя брамы.
Праз паўгадзіны заўважылі, што вада начала змяншацца,— пачынаўся адліў.
Людзі заварушыліся, зацікавіліся, але зусім не гэтым звычайным для іх з'явішчам, а тым, што робіцца ўнізе, пад чоўнам. Ці шмат спажывы пакіне адліў?
— Станем ля выхада,— прапанаваў Манг,— і не пусцім рыб уцякаць.
Так і зрабілі, ды яшчэ ўсе пачалі шумець і плюхацца ў вадзе. А вада ўсё апускалася, сажалка рабілася ўсё меншай і меншай. Праз гадзіны дзве човен стаяў ужо на голай зямлі, а ад возера засталася маленькая лужына.
Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё ж такі і іх набралася столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям'і дні на два.
Адліў жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусцілася яшчэ метраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся ўжо над ёй у паветры, як балкон на трэцім паверсе дома. Новыя каменні з'явіліся пасярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.
Але наша сям'я зусім не звяртала ўвагі на гэтыя змены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя скарысталі выпадак, каб пабыць на цвёрдай зямлі. 3 якой прыемнасцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! 3 няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.
— Го-о! — пачуўся голас знізу. Зірнулі — Кос варочаецца.
— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.
— На два дні рыбы знайшлі,— адказаў Тайдо.— А вы?
— Таксама, ды яшчэ во,— і Кос паказаў забітую чайку.