Сын вады

— Які там чорт, калі нічога не відаць! — адказаў Тайдо.
— Страшэнны. 3 вачыма,— паўтаралі дзяўчаты.
— Ды нічога тут страшэннага не відаць,— сказаў Кос— Мусіць, струмень чорнай бруднай вады надышоў.
На гэтым справа і скончылася, тым болей што праз некалькі мінут яны налавілі рыбы без ніякіх пера шкод.
Яшчэ прайшоў дзень-другі. Аб здарэнні не думалі. Але нарэшце і самім мужчынам прыйшлося пераканацца, што дзяўчаты не памыліліся.
Аднаго разу Тайдо і Кос паднялі галіну і ўбачылі ў вадзе нешта такое, ад чаго нават яны скамянелі.
На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што той чорт, якога ўяўляе сабе цёмны народ, у параўнанні з гэтым павінен быў бы здавацца анёлам. Страшней за ўсё былі вочы, велічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны свяціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, не міргаючы, з нейкім жудасным выразам. Невядома, ці знайшоўся б у свеце чалавек, які не здрыгануўся б ад гэтага погляду. А вакол галавы замест валасоў варушыліся ціхенька змеі.
Усё гэта мільганула перад мужчынамі на адзін толькі момант, бо яны адразу ж выпусцілі з рук галіну. Але ўражанне было такое моцнае, што яны нават нічога не сказал!, а толькі пачалі хутка грабці да берага.
— Што з вамі здарылася? — запыталіся зацікаўленыя жонкі.
— Чорт! Дзяўчаты праўду казалі,— прашапталі яны.
Прыйшлося падумаць, як далей жыць з такім суседам.
— Пакуль што ён не шкодзіў,— выказаў сваю думку Кос.— Можа, і надалей не будзе чапаць?
— Гэтага мы не можам ведаць,— сказаў Тайдо.— Але жыць побач з ім... з такім... Бррр!..
Задрыжаў і Кос. А дзяўчаты, дык тыя зусім гатовы былі самлець, калі пачалася аб гэтым гутарка. Матак таксама ахапіў жах, хоць яны пакуль што і не бачылі нічога.
— У такім разе трэба ўласкавіць яго,— сказаў Кос,— прынесці яму ахвяру.
Гэтая думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Пачалі радзіцца, што паднесці. Па-першае, трэба было патрапіць, што ён любіць, а па-другое, каб гэта было сапраўды нешта значнае, каштоўнае. Рыбу не запрапануеш, пінгвіна або качку — таксама, бо ён, як вадзяны, сам можа мець гэтае дабро. Значыцца, трэба нешта надзвычайнае, напрыклад, якую-небудзь зямную жывёліну.
Назаўтра Тайдо з Косам адправіліся на паляванне. Яны пайшлі або, лепш сказаць, палезлі тою самаю дарогаю, што і раней, калі ішлі па паліва. Узлезлі на першую тэрасу, на другую; агледзелі той самы хмызняк. 3-пад ног выбегла жывёліна з пекнай сівой поўсцю, падобная на вялікага пацука.
Мужчыны не звярнулі на яе ўвагі, лічачы яе нікчэмнай ахвярай. Але гэтая «шыншыла» мае каштоўную шкуру, якая ў Еўропе цэніцца вельмі дорага. За адно шыншылавае футра пані плацяць па дваццаць пяць тысяч рублёў золатам.
Падняліся яшчэ на адну тэрасу, там ужо было вялікае плоскае ўзвышша, пакрытае нібы мохам, нібы травою.
— Глянь, ці не жывёлы якія там? — сказаў Тайдо, паказаўшы рукою далека на ўсход.