Сын вады

I зноў яна закрычала ад жаху і зашылася ў куток.
А Манг падышоў, весела смеючыся, вылажыў сваю здабычу і лагодна сказаў:
— Вось, еш! — Потым здагадаўся, што яна дзівіцца з яго адзення, і дадаў:— Там ваш чалавек, мёртвы.
Пры гэтым ён адной рукой паказаў на мундзір, а другую працягнуў у той бок, дзе быў мярцвяк.
Дзяўчына не ведала, што і думаць. Усё казала за тое, што гэты дзікун, прынамсі цяпер, не думае рабіць ёй нічога дрэннага. Што ж адбылося там, куды ён паказвае?
Нарэшце яна набралася адвагі, рашуча падышла да яго і пачала паказваць на мігі, каб ён павёў яе туды. Манг зразумеў і пайшоў.
Калі яны падышлі да берага, яна ўсё зразумела. Жаль ахапіў яе сэрца, слёзы паліліся з вачэй. Некалькі хвілін прастаяла яна, уяўляючы сабе ўвесь жудасны малюнак.
«Хто ведае? Можа, іх лес лепшы за мой. Для іх, прынамсі, ужо ўсё скончана, а я...» — думала яна праз слёзы.
Непрыемна ёй яшчэ было, што чалавек ляжыць, як падла. Трэба было б пахаваць яго. Але як гэта зрабіць? Тады яна пачала паказваць Мангу, каб спусціць мерцвяка ў мора. Манг адцягнуў яго ў ваду, і той ціха закалыхаўся на хвалях.
Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае, але разам з тым яна адчувала, што зусім перастала баяцца гэтага дзікуна. Яна пераканалася, што з усіх бакоў паводзіны яго былі такія ж, як і кожнага добрага чалавека. Гэта быў не звер які-небудзь, а самы звычайны чалавек.
Дзівіла толькі яе, чаго ён тут адзін? Няўжо ён трапіў сюды гэтак жа, як і яна? Значыцца, на гэтым востраве ім абаім прыйдзецца жыць, можа, шмат гадоў. А можа, і да самай смерці...
Але пакуль што аб гэтым лепш не думаць. I тады дзяўчына адчула, што страшэнна хоча есці.
Аднак, калі Манг прапанаваў ёй сваіх слімакоў, дык яна нрыйшла ў жах, бадай такі самы, як учора ад выгляду дзікуна. Манг і падсмажыў іх у попеле і сам пачаў еспД, выразна паказваючы, што вельмі смачна, але яна нават адвярнулася, каб не бачыць.
Тады яна паказала, што хоча піць. Манг зараз жа ўекочыў, пабег да мора, знайшоў вялікую чарапашыну і пабег з ёй шукаць вады. Добра яшчэ, што нядаўна быў дождж і знайсці ваду было легка.
Нельга сказаць, каб прыемна было ёй піць ваду з брудных рук дзікуна, з нейкай чарапашыны, з нейкай лужыны, але нічога не зробіш,— трэба было прывыкаць.
Манг здагадаўся, што Белая Птушка стравы яго не любіць. Тады ён захацеў пачаставаць яе рыбай. Але гэтая справа была больш складаная. Не маючы ніякіх прыладаў, трэба было знайсці такое месца, дзе можна загнаць рыбу ў куток, каб злавіць рукамі. А гэта не заўсёды ўдаецца. Ен зноў пабег да берага.
Знайшоў больш-менш зручнае месца, але не такое вузкае, каб можна было спадзявацца злавіць рыбу рукамі. Тады ён зняў свой... свае... як бы тут сказаць, ну, штаны, якія лепш было б назваць поясам, альбо пояс, які замяняў яму штаны. 3 гэтай прыладай яму ўдалося налавіць маленькіх рыбак. О, каб толькі ведала Белая Птушка, якім спосабам Манг ловіць ёй рыбу!
Гэтую страву дзяўчына прыняла больш прыхільна і нават сама пачала пячы ў попеле.
Толькі крывілася, што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба.
А Манг сядзеў перад ёй на карачках у сваім капітанскім мундзіры і цешыўся, што яна есць.
— О, рыба, добра, смачна! — паддаваў ён духу.