Сын вады

Вандраванні Манга.— Незвычайнае войска.— Бойня.— Напіліся крыві.— Неприемная ноч.
3 таго часу як Манг набыў свой уласны човен, ён зрабіўся нібы разведчыкам для сваіх бацькоў, а разам і для Коса. Ніколі Манг дома не быў, усё ён недзе бадзяўся. Але хутка выявілася, што гэтае бадзянне вельмі карысна для абедзвюх сем'яў: Манг хутчэй знаходзіў які-небудзь багаты куток і прыводзіў туды сваіх бацькоў.
Часам Манг браў з сабой і свайго шасцігадовага браціка. Яны ездзілі па калідорах між незлічонымі астраўкамі і на кожным кроку бачылі новы малюнак, не падобны да папярэдняга. То траплялі ў такую цясніну або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была стужка неба, паабапал жа ўздымаліся роўныя стромкія сцены. То выязджалі на светлы вясёлы прастор, дзе сярод бліскучага мора чарнеліся маленькія кропкі-астраўкі, а воддаль ззялі белыя снегавыя вяршыні. То выязджалі за межы горада, і тады перад імі цяжка дыхаў Вялікі акіян. Цёмна-сінія хвалі бясшумна каціліся на іх, а дакаціўшыся да скал, раптам раўлі, кідаліся на скалы, распылялся ў пырскі, з нездаволеным гулам адыходзілі назад, каб потым кінуцца зноў.
Стагоддзі, тысячагоддзі кідаецца акіян на скалы. Цвёрда стаяць яны на варце, стараюцца не пусціць хвалі ў сярэдзіну, але з цягам часу то адна, то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Адна такая скала трапляецца па дарозе хлопцам; падножжа яе нібы выгрызена, глыбока ўваходзіць у сярэдзіну, а вяршыня вісіць над бяздоннем і вось-вось упадзе.
У такіх месцах небяспечна плаваць. Падхопіць хваля човен, шыбане яго аб скалу,— і тады канец.
— Я баюся,— пішчыць маленькі хлопчык,— едзем назад!
Манг вымушаны вяртацца, але дае сабе слова ў другі раз, калі будзе адзін, абавязкова праехаць далей, выбрацца туды, на прастору. Можа, там і ляжыць тая зямля, дзе жывуць цудоўныя белыя істоты?
Людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Сям-там убачыш а дну ці дзве кану, якія капошацца ў ціхім кутку ля берага, вышукваючы спажыву, а потым на працягу некалькіх дзён не ўбачыш ніводнага чалавека. Колькі ўсяго гэтага народу налічваецца — ніхто не ведае. Думаюць, што засталося не болей як чатырыста — пяцьсот чалавек.
Сам яны ніколі разам не збіраюцца, не маюць аніякай арганізацыі, нават не маюць сваіх старшынь ці правадыроў. Так і жывуць паасобку, неарганізаваныя і самастойныя. На паперы належаць да Чылійскай рэспублікі, але яны столькі сама ведаюць сваю рэспубліку, колькі і яна іх.
Толькі птушак усюды было многа. Часам яны так крычалі навакол, што заглушалі гутарку. Усе гэтыя птушкі, як і людзі, жылі выключна за кошт мора.
Хлопцы ехалі сярод невялічкіх астраўкоў. Направа яны былі параскіданы сям і там, нібы шіямы на шкле, злева ж зліліся ў адзін ланцуг.
Ужо на працягу некаторага часу да хлопца ў даносіўся незразумелы шум: нібы гоман і шолах шматлікага натоўпу. Спачатку хлопцы не звярталі на гэта ўвагі, тым болей, што наогул птушынага крыку было досыць. Але нарэшце зацікавіліся.
— Здаецца, там, на тым баку,— сказаў хлопчык.
Манг прыпыніўся, прыслухаўся. Сапраўды, з левага боку, па-за скаламі, нешта рабілася. Найбольш цікава было тое, што ніякага крыку не было чуваць, а між тым выразна чуўся нейкі гул, варушэнне.
Падплылі да берага, вылезлі і асцярожна папаўзлі ўверх. Зірнулі з-за скалы і ўбачылі дзіўнае з'явішча.
На нізкім, роўным беразе тварам да мора выстраілася шматлікае... войска. Роўнымі шарэнгамі, нерухомыя і маўклівыя, стаялі атрады «салдат». Перад імі хадзілі нібы камандзіры, якія час ад часу кідаліся ў мора, давалі нырца і потым зноў падыходзілі і, размахваючы рукамі, нешта казалі сваім салдатам.
Падабенства да салдат было яшчэ большым ад таго, што ўсе былі, як адзін: чорныя спіны і бакі і белы перад. Толькі адзін атрад быў нейкі абшарпаны: мясцінамі відаць голае цела. Ростам яны былі прыблізна каля аднаго метра, некаторыя і болей.
Асобны атрад складалі маладыя. А далей ужо сядзела на зямлі шмат народу, відаць, жанчыны. I ўсе, каму здаралася бачыць іх, не маглі надзівіцца на гэтых птушак, пінгвінаў.