Палескія рабінзоны, 2 частка

– Што? – пакрыўдзіўся Мірон. – У такім разе, ты добра падумай і скажы: ці так я кажу, ці не? Калі ты шчыра скажаш, што не так, тады я пайду з табою на рызыку.
– Вось каб ведаць, што рэвальвераў няма, – нерашуча прамовіў Віктар.
– Зноў кажу: яны ішлі спецыяльна, каб загубіць нас. Няўжо ж не ўзялі з сабой рэвальвера?
Віктар павінен быў згадзіцца і з гэтым.
– Падыдзем бліжэй, паглядзім.
Падкраліся, прыслухаліся, зазірнулі ўсярэдзіну. У цемры нічога не было відаць, толькі ногі высоўваліся з будана. Тут ужо і Віктар пераканаўся, што лезці ў цемры ў цесную будку нельга.
– Якая прыкрасць, – прашаптаў ён, калі адышліся. – Вораг спіць побач, і нічога нельга яму зрабіць!
– Пакуль што добра ўжо тое, што самі выратаваліся. А ў твар іх мы не забудзем і абавязкова знойдзем з дапамогай тых, каму гэта належыць.
Гэтая думка канчаткова супакоіла Віктара.
– У такім разе пойдзем і мы спаць куды-небудзь далей, – сказаў ён.
Яны адышліся, прынамсі, на кіламетр і прытуліліся пад дрэвам.
А калі на світанні зноў падкраліся да будана, бандытаў ужо не было. Не было і барсучынай скуры.
– Затое глянь, што яны нам пакінулі, – сказаў Мірон.
На зямлі засталася паперка з соллю і некалькі агрызкаў хлеба. Як шалёныя накінуліся хлопцы на гэтыя рэшткі і праглынулі не толькі агрызкі, але падабралі і ўсе малюсенькія драбкі. Віктар нават узяў сабе ў рот каліўца солі.
– Ах, якая смачная, салодкая! – цмокнуў ён. – Смачней за ўсе цукеркі і ласункі.
Пакаштаваў і Мірон. Аднак, калі Віктар яшчэ захацеў узяць, Мірон не даў.
– Гэтак ты ўсё з'ясі! – сказаў ён і дадаў: – Цяпер я не шкадую, што яны адрэзалі сабе нашага зайца. Я і добраахвотна згадзіўся б на такі тавараабмен.
Раптам Віктар крыкнуў і пляснуў сябе па галаве.
– Як жа мы не здагадаліся прасачыць, кудой яны выходзяць?!
– Вось гэта дык глупства з нашага боку! – сказаў Мірон. – І як мы маглі забыцца? Мусіць, непасрэдная небяспека ды соль зацямнілі наш розум.
– Пабяжым хоць цяпер! – крыкнуў Віктар і кінуўся наперад.
– Стой! Пачакай! – затрымаў яго Мірон. – Не забывайся, што небяспека не мінула. Можа, яны дзе па лесе ходзяць. Можа, мы ім трапім на вочы. Трэба красціся асцярожна, хавацца за кожным кустом, за кожным дрэвам.
Хоць такім спосабам і мала было надзеі дагнаць бандытаў, якія ішлі вольна, але бегчы было немагчыма.
Доўга яны ішлі такім чынам, часам і перабягалі, але бандытаў не бачылі. Калі ўжо канчаткова пераканаліся, што іх на востраве няма, пачалі шукаць сляды каля балота.
Між тым сабраліся хмары, загрукатаў гром, упалі першыя кроплі дажджу. Трэба было бегчы ратаваць агонь. І калі хлопцы непадалёк ад таго месца, дзе яны самі перабіраліся на суседні востраў, заўважылі свежыя сляды дзвюх пар ботаў, яны не адважыліся пайсці па іх. Рызыкаваць агнём было нельга.
– Цяпер мы напэўна ведаем, што шукаць пераходу на нашым востраве няма сэнсу, – сказаў Мірон, паварочваючы назад. – Гэта ўжо добра. А дагнаць мы іх наўрад ці дагонім…
– Значыць, прыйдзецца чакаць два тыдні. Яны абяцалі прыйсці па нейкай сваёй цёмнай справе. Тады падрыхтуемся ўжо і будзем разумнейшымі.
Цяжкія часы. – Спатканне са старым знаёмым. – Мядзведжая хвароба. – Каменныя прылады. – Дымарня.
Два тыдні чакаць смяротных ворагаў, каб з дапамогай іх вызваліцца! Хто б мог падумаць, што можа скласціся такое становішча?!
– Ну, як табе падабаюцца нашы прыгоды? – усміхнуўся Мірон. – Ці такія яны прыемныя, як пішацца ў кнігах?
– Цяпер, калі я пад'еў мяса з соллю і калі непасрэднай небяспекі няма, я адчуваю сябе досыць добра, – адказаў Віктар.
– А наогул?
– Наогул зусім нецікавая справа. Я ахвотна адмовіўся б ад гэткіх прыгодаў. А ты?
– І я таксама, – уздыхнуў Мірон. – Каб яшчэ ўся гэтая рызыка ды пакута мелі якую-небудзь мэту, як гэта бывае, напрыклад, на вайне ці ў якой навуковай экспедыцыі, то яшчэ сяк-так, а тут цярпі і рызыкуй немаведама дзеля чаго. Хавайся, нібы звер ад паляўнічага, без ніякай віны.
– Я проста зразумець не магу, – злосна сказаў Віктар, – як гэта чалавек можа дайсці да такога становішча. Вось кажуць: звер, звер! Дык нашы ж суседзі-звяры – нявінныя дзеці перад гэтымі людзьмі! Да гэтага часу мы і бяззбройныя не мелі ад іх аніякай крыўды.