Палескія рабінзоны, 2 частка

Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.
– А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? – прамовіў ён.
Чорны сурова зірнуў на яго:
– Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?
– Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.
– Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, – сурова сказаў чорны.
Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.
– Нішто, – сказаў ён. – Раю і табе.
– Не хачу гэткага дабра, – махнуў рукой яго таварыш.
Бедныя хлопцы ледзь не плакалі, калі глядзелі, з якім смакам есць вораг іхняе мяса. Ды яшчэ з хлебам, з соллю! Хоць бы драбінку гэтага хлеба і солі пакаштаваць.
– Кладзёмся спаць, – прапанаваў стары. – Калі прыйдуць, не пакрыўдзяцца. Яны і спадзявацца не маглі ўбачыць тут людзей, якія могуць іх вывесці.
Віктар сціснуў кулакі, заскрыгатаў зубамі і ледзь не зароў ад злосці.
Стары ўлез у будку, палажыў пад сябе стрэльбу і разлёгся на скуры.
– Паглядзі, там яны чарапаху паставілі на бярозавы сок, – сказаў ён з будана. – Піць хочацца.
Малады пайшоў, узяў чарапаху і паднёс свайму таварышу.
– Добрая рэч, дай Бог ім здароўя, – засмяяўся той.
Потым і другі ўлез у будан. Пра нешта яшчэ пагутарылі там, але хлопцы не маглі разабраць.
Стаяла цішыня. Толькі нейкія вячэрнія птушкі часам парушалі яе. Надышла ноч. Хлопцы сядзелі ў сваёй засадзе, нібы скамянелыя. Ім здавалася, што ў гэткай цішыні чуваць не толькі кожны іх рух, але і дыханне, нават стук сэрцаў. Доўга не адважваліся яны паварушыцца. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а яны ўсё яшчэ баяліся крануцца з месца. Ад холаду і вільгаці пачалі дрыжаць.
– Ну, давай вылазіць, – прашаптаў Віктар.
Паварушыліся – і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, стаілі дыханне, прыслухаліся – нічога. Палезлі далей.
І вось тут адбылося самае жудаснае ў іхняй гісторыі: Мірон заблытаўся нагамі ў лазняку і… ляснуўся на зямлю.
У будцы зараз жа заварушыліся, і адтуль вылез чорны бандыт са стрэльбай у руках. Зірнуў ва ўсе бакі, прыслухаўся, пачакаў некалькі хвілін і схаваўся назад.
– Што там такое? Можа, яны? – пачуўся сонны голас маладога.
– Не. Мусіць, звер які.
Хлопцы прыліплі да зямлі ў самых недарэчных позах. Мірон ляжаў тварам у балоце з задранай дагары нагою. Віктар перш сядзеў на кукішках, а пасля паваліўся на бок і абапёрся адною рукою аб зямлю. І ў гэткім становішчы яны павінны былі яшчэ доўга чакаць, пакуль можна было рухацца далей. Нарэшце дачакаліся гэтага часу і папаўзлі.
Калі яны адышліся далёка, Віктар аж з кулакамі накінуўся на Мірона.
– Ах ты, мядзведзь касалапы! – сіпеў ён. – Праз цябе ледзь не загінулі!
– Ну-ну, – вінавата казаў Мірон. – Нічога дрэннага не здарылася. Не магло ж ім прыйсці ў галаву, што гэта мы.
– Ну, а калі б палічылі цябе за звера ды ўсадзілі кулю, лепш было б?
– Ды кінь ты ўжо! Усё мінула. Давай лепш памяркуем, што рабіць далей.
Віктару рупіла падкрасціся да бандытаў і сцягнуць стрэльбу, але Мірон стрымліваў яго.
– Па-першае, – казаў ён, – стрэльбу выцягнуць з-пад яго нялёгка. Бачыш, як ён чула спіць? Па-другое, нават каб і ўдалося, ці здолеем мы з імі справіцца? У малодшага, а можа, і ў старэйшага, напэўна, ёсць рэвальвер: не пойдзе бандыт на такую справу без рэвальвера. А тады ўжо будзе іншая рэч.
Думка аб рэвальверы не прыходзіла Віктару ў галаву і цяпер вельмі збянтэжыла яго.
– Нам толькі забіць гэтага старога чорта ў сне, а другому мы ўдвух далі б рады, – трымаўся яшчэ Віктар.
– Яно, можа, і так, – разважаў Мірон. – А як ты заб'еш яго адразу, калі з будкі толькі ногі яго тырчаць? А калі толькі параніш, то з рэвальверамі яны нас перамогуць.
– Ты, мусіць, баішся? – папікнуў Віктар.