Палескія рабінзоны, 2 частка

– Клічуць нас! – засмяяліся хлопцы.
Пачуўся новы стрэл ужо ў другім месцы. Праз некаторы час данесліся крыкі. Крыкі то набліжаліся, то аддаляліся: відаць, бандыты хадзілі па ўсім лесе.
Нарэшце галасы пачалі набліжацца да хлопцаў, пачуўся хруст, і абодва чалавекі зноў выйшлі да грэблі.
– Мусіць, яны ў гэтым баку, – казаў адзін з іх.
– Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, – прамовіў другі. – Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.
– Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.
– Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?
– Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, – чуўся голас чорнага. – Куды б яны ні сунуліся, усюды загінуць.
– А можа, якім-небудзь чынам даведаліся пра наш шлях?
Чорны дзядзька гучна засмяяўся:
– А ты сам упэўнены, што пройдзеш цяпер адзін?
– Не вельмі. У такім разе, можа, нам і не трэба будзе турбавацца?
– Дай Бог.
І яны на вачах у хлопцаў зноў пачалі страляць і гукаць:
– О-о-го-го! Сюды-ы!…
Хоць і не да смеху было нашым хлопцам, але яны не маглі не ўсміхнуцца.
– Вось дабрадзеі знайшліся, каб яны хутчэй самі ўтапіліся! – сказаў Мірон, калі людзі адышлі.
– Гэтага мала, – злосна прамовіў Віктар. – Хоць тры гады буду сачыць, але аддам іх пад расстрэл. Пойдзем дахаты, хай яны там блукаюць.
– Ох! – прастагнаў Мірон. – Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома.
І яны пайшлі да стаянкі. Ззаду чуліся крыкі і стрэлы іхніх «дабрадзеяў». Хоць хлопцы і не баяліся, што ворагі зараз будуць іх шукаць, але ўвесь час адчувалі небяспеку.
– Горш за ўсё, што агню нельга раскладаць, – казаў Мірон. – Калі яны вернуцца ды ўбачаць, што вогнішча нехта падправіў, дык адразу здагадаюцца, што мы тут. А агонь тым часам можа згаснуць.
– Падсунем тоўстыя кавалкі пад попел, можа, не звернуць увагі, – параіў Віктар.
– А што, калі заўважаць? – непакоіўся Мірон. – Ад гэтага можа залежаць наша жыццё.
Падумалі-падумалі і парашылі лепш рызыкнуць агнём, чымся жыццём.
– Можа, небяспечна кратаць і нашу спажыву? – сказаў Віктар. – Таксама могуць заўважыць.
– І гэта праўда, – згадзіўся Мірон. – Вось дурное становішча: глядзець на сваю ўласную ежу, галадаць і не мець права крануць яе.
Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.
Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:
– Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.
Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.
– Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, – сказаў малады, – калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.
– Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, – заўважыў чорны.
– Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.
Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.
Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.
– А можа, пакаштуем іхняга зайца? – сказаў малады.
– Не варта важдацца.
– Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. – Падышоў, узяў зайца і сказаў: – Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.
– А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! – буркнуў чорны. – І якім чынам здолелі зайца злавіць?
– Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, – казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.