Палескія рабінзоны, 2 частка

Віктар апусціўся і заціх. На іх шчасце, толькі што паваленае дрэва заглушыла голас Віктара. Людзі нічога не пачулі, падышлі і спыніліся каля таго стажка, на які ўчора ўзлазілі хлопцы.
Адзін з незнаёмцаў быў высокі, дужы, гадоў пад пяцьдзесят чалавек, з чорнай стрыжанай барадой і густымі чорнымі вусамі, якія апускаліся ўніз, як у маржа. Пад густымі бровамі глыбока сядзелі вузкія вочы, якія надавалі яму люты выгляд. На ім была кароткая шэрая, з грубага сукна, світка і высокія паляўнічыя боты, запэцканыя ў балоце да каленяў. За плячыма вісела стрэльба.
Яго таварыш быў маладзейшы і меў больш «гарадскі» выгляд. Высокі, тонкі, голены. На ім таксама былі высокія боты, а замест світкі – парусінавая накідка. Стрэльбы ў яго не было.
Кідалася ў вочы, што абодва наогул былі вельмі запэцканыя ў балота.
– Вось якое дрэва звалілі, – заўважыў малодшы.
– Гэткім чынам яны маглі разбурыць нашу хатку, – сказаў чорны. – Вось нарабілі б бяды.
– А яны тут былі? – запытаўся першы.
– А ліха іх ведае! Пакуль што, як бачыш, слядоў не відаць.
– Дык усё ж, нарэшце, як вырашым гэтую справу? – звярнуўся малады да свайго спадарожніка.
– І сам не ведаю, – задумаўся старэйшы. – Можа, дай Бог, яны самі загінулі.
– А калі не?
– Тады, мусіць, трэба ім дапамагчы, – крыва ўсміхнуўся чорны.
«Гэта ж, відаць, пра нас ідзе гутарка! – падумаў кожны з хлопцаў. – Але завошта? Што мы ім зрабілі?»
Яны зірнулі адзін на аднаго, але не паварушыліся. Справа была такая незразумелая і недарэчная, што хлопцы не хацелі верыць сваім вачам і вушам і чакалі, што зараз усё высветліцца.
– Кепска атрымліваецца, – казаў тым часам малодшы. – Калі яны выйдуць адсюль, дык усюды раструбяць аб гэтым кутку. Палезуць розныя вучоныя, возьмуць пад ахову гэтых баброў. Пачнуць пісаць у газетах. Да гэтага часу толькі ляснік адзін раз, узімку, наведваўся сюды, а тады кожны палезе. І нам прыйдзецца развітацца з гэтым надзейным прытулкам.
– Я ж і кажу, – буркнуў чорны.
– Але ж, з другога боку, яны нам зусім непатрэбныя.
– Чаго там шкадаваць савецкае насенне! – бліснуў вачыма чорны. – Нічога, акрамя карысці, не будзе, калі загінуць два бальшавіцкія гадаванцы.
– І то праўда, – уздыхнуў малады. – Наша справа важней за гэтых двух малакасосаў. А колькі нашага брата гіне ад іх! Хай не соваюць свой нос куды не трэба. Дзе яны цяпер?
– Там, каля возера.
– Значыцца, зробім такім чынам: яны, вядома, надзвычай будуць рады, калі ўбачаць нас; мы возьмемся іх вывесці, а там…
– Гэта зручна яшчэ і з другога боку: калі што якое, дык будуць думаць, што яны самі загінулі ў балоце, – дадаў чорны. – Можа, паглядзім цяпер, ці ўсё ў парадку?
– Потым паспеем, спачатку скончым гэтую справу, – адказаў малады.
Яны абмінулі грэблю і накіраваліся ў той бок, дзе была стаянка хлопцаў.
Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі.
– Слухай! – дрыжачым шэптам сказаў Віктар. – Скубані мяне за бок: можа, я сплю.
– Абодва разам не могуць бачыць адзін сон, – сказаў Мірон. – Гэта дзікая праўда. Што будзем рабіць? Ці ўцякаць, ці сядзець тут?
Віктар падумаў і сказаў:
– Гэта, мусіць, усё роўна: ці тут хавацца, ці дзе-небудзь. Абы толькі не трапіць ім на вочы.
– Шукаць яны нас не будуць, – заўважыў Мірон.
– Чаму так? – здзівіўся Віктар. – Якраз і будуць шукаць.
– Ты чуў, што яны казалі? – разважліва сказаў Мірон. – Мы ж іх сустрэнем з радасцю. Так яно і павінна было б быць. А калі мы іх не сустрэнем?
– Тады яны будуць нас шукаць.
– Так, ды не гэтак. Будуць крычаць, клікаць нас, нават страляць, каб мы самі прыйшлі да іх. Не могуць жа яны падумаць, што мы наўмысля хаваемся ад іх. Яны ж нашы «збаўцы».
– Але, – усміхнуўся Віктар.
– Калі мы не адгукнемся, то яны падумаюць, што мы загінулі. А шукаць, як уцекачоў, яны не павінны, не маюць падставы.
Гэтае разважанне крыху супакоіла абодвух. Іх задачай было толькі, як кажуць, сядзець і не рыпацца і такім чынам дачакацца, пакуль ворагі пойдуць з вострава.
Праз некаторы час сапраўды пачуўся стрэл.