Палескія рабінзоны, 2 частка

Апошняя ноч на востраве. – «Кармленне звяроў». – Хітрыкі палоннікаў. – Смалены бандыт. – Зварот дадому.  Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.
Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:
– Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?
– Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, – адказалі хлопцы.
– Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.
– Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.
– Адкуль жа вы маглі ведаць?
– Бабры сказалі! – засмяяўся Віктар.
– А! Дык вы падслухалі?
– Чуткі такія па лесе пайшлі.
Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.
У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.
– Як тут дзяліць? – казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. – А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.
Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:
– Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.
– Хлеба? – усклікнуў Віктар. – Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.
Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?…
– Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, – прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.
– Ну, не! – сказаў Віктар. – Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш – і нічога з намі не здарылася.
Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:
– Дайце мне ў рот хоць кавалак.
– Гэта іншая рэч! – згадзіліся хлопцы і далі яму ў рот кавалак мяса.
Затым па просьбе далі другому, а іншыя адмовіліся. Цяжкараненаму давалі і хлеба, і сала, але ён папрасіў толькі піць.
Мірон узяў бляшанку і пабег да бабровага ручая па ваду. Калі напаіў хворага, папрасілі і здаровыя. Зноў пабег Мірон.
– Вы б узялі другую бляшанку і пабеглі абодва, – параіў адзін.
– Дзякуем за параду! – насмешліва адказаў яму Віктар.
Потым бегаў яшчэ Віктар два разы, пакуль напаілі ўсіх. Тады з'явілася новая просьба:
– Дайце пакурыць. Вазьміце ў нашых кішэнях папяросы і запалкі.
Віктар дастаў папяросы і пачаў соваць усім у рот. Потым паднёс ім агонь. Мірон занепакоіўся, каб Віктар і сам не закурыў, бо спакуса для яго была надта вялікая. Ён сквапна глядзеў на папяросы, што былі ў яго руках, узяў адну, пачаў круціць яе, разглядаць…
Мірон кінуўся ратаваць свайго прыяцеля. Ціхенька ўзяў з яго рук папяросы і сказаў:
– Паслухайся мяне, Віця, пацярпі! Столькі часу прайшло, ты ўжо адвык. Ці варта зноў пачынаць.
Тон Мірона быў такі сяброўскі, такі шчыры, што Віктар усміхнуўся і сказаў:
– Добра, не буду.
Цяжкаранены вельмі часта прасіў піць, і хлопцы ахвотна насілі яму ваду. Не адмаўлялі яны і здаровым, толькі рабілі гэта неахвотна. Потым трэба было даць пакурыць. А там былі і яшчэ просьбы, у якіх нельга было адмовіць…
Адным словам, клопату было да самага цямна. А чым цямней станавілася, тым больш трывожыліся хлопцы. Хоць яны і не шкадавалі галля, але ўсё ж такі не кожны рух палоннікаў можна было заўважыць у змроку. Яны памяталі, як таварыш Саўчук сядзеў тады з жэрдкай і… зусім вольны.
«А што, калі і цяпер гэтак жа сядзіць хто-небудзь з гэтых бандытаў?» – мільгала думка ў абодвух. І яны раз-пораз правяралі палоннікаў.
– Чаго вы лезеце кожную хвіліну? – злавалі тыя. – Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню Богу маліцца, дык ён і лоб разаб'е.
Непрыемна было слухаць такія словы, але хлопцы не крыўдзіліся: можа, яны і сапраўды занадта стараюцца? Але праз некаторы час пераканаліся, што ў такой справе ніякая пільнасць не можа быць залішняй.
Самым спакойным палоннікам быў ранены ў руку. У яго замест рук былі звязаны ногі. Ён сядзеў, апусціўшы галаву, і ні на што не звяртаў увагі. Нават не прасіў ні есці, ні піць. Здаровая рука яго была засунута пад сагнутыя калені. Хлопцы нават не правяралі, ці добра звязаны ў яго ногі. Цяпер Віктар неяк звярнуў увагу, што здаровая рука палоннага ўвесь час уздрыгвае. Падышоў, паглядзеў і крыкнуў:
– Эге! Гэты нумар не пройдзе!
Аказалася, што за доўгі час ён пальцамі здаровай рукі і трэсачкамі развязаў сабе вяроўкі на нагах. Прыйшлося прыкруціць яму здаровую руку да нагі.
Хлопцы яшчэ раней дагаварыліся, што ноччу вартаваць будуць разам, а не па чарзе.