Палескія рабінзоны, 2 частка

Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
– Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, – засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
– Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
– Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, – прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
– Ну! – грозна крыкнуў чорны. – Адказвай!
– Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! – нарэшце прамовіў палоннік.
– Канчаць хутчэй? – засмяяліся бандыты. – Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
– Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! – прашаптаў Віктар.
– Пачакаем, пачакаем хоць крыху, – усхваляваным шэптам адказаў Мірон. – Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.
Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.
– Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!
Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.
– Слухайце, – умяшаўся незнаёмы. – Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.
– Сапраўды, гэтак будзе лепш, – падтрымаў малодшы.
– Добра, – згадзіўся чорны. – А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.
Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.
Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.
І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.
Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.
Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.
Палоннік пачуў і азірнуўся.
– Тсс! – шапнулі хлопцы.
Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.
Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.
– Уцякайце! – шапнуў ён.
Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.
– У вас ёсць рэвальверы? – спытаў ён, не паварочваючы галавы.
– Ёсць, нават чатыры.
– У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?
– Зараджаны, іхні, – адказаў Мірон і адпоўз назад.