Палескія рабінзоны, 2 частка

Яго адвялі крыху ўбок, штурханулі і сказалі:
– Сядай!
Палоннік нязграбна сеў на зямлю.
Бандыты абступілі зубра.
– Здаровая штука! – сказаў незнаёмы.
– Але як скарыстаць яго? – заўважыў малодшы.
– Перацягнем па кавалках, – адказаў чорны.
– А скуру?
– Таксама парэжам на кавалкі. Хвацкія будуць падэшвы.
Потым пачалі раскладаць агонь і разбіраць тушу. Чорны скінуў світку, закасаў рукавы і ўзяўся за справу. Яму дапамагалі таварышы.
Кожны шрам на целе зубра болем адбіваўся ў сэрцах хлопцаў. Чорны акрываўлены бандыт здаваўся катам. Цяжка было разбіраць гэтую магутную жывёліну, а ў іх, як відаць, былі толькі звычайныя паляўнічыя нажы.
– Паслухайце! – спыніўся чорны. – Там ёсць добры кінжал.
У хлопцаў заняло дух…
Чорны накіраваўся да бабровай хаткі.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся.
– Чорт яго ведае, няма! – сказаў ён.
– А рэчы? – устрывожыліся яго таварышы.
– Рэчы на месцы. Толькі чамусьці ўсярэдзіну насыпалася ламачча, нібы хто зверху праламаў.
– А можа, хто кратаў? – падазрона запытаўся незнаёмы.
– Можа, і ўзлазіла наверх якая жывёліна.
– Ты добра глядзеў? Усё ёсць? Можа, тыя лайдакі дабраліся? – перапытаў малодшы.
– Мы ж глядзелі тады, калі іх ужо не было. Каб яны знайшлі, дык напэўна ўзялі б. А я перамацаў усе рэчы, толькі кінжала не натрапіў. Мусіць, ён заваліўся дзе паміж галля. Доўга было б шукаць.
Але незнаёмы ўсё непакоіўся.
– Трэба было б добра перагледзець усе рэчы, – сказаў ён. – Можа, тыя хлопцы знайшлі, можа, яны яшчэ дзе-небудзь тут?
– Не думаю, каб яны паквапіліся толькі на адзін кінжал, – усміхнуўся чорны і прыняўся зноў за працу.
– А рэвальверы глядзеў? – не адставаў новы.
– Скрынкі на месцы, але я іх не адчыняў, – спакойна прамовіў чорны.
– Вось бачыш.
– Ды чаго ты непакоішся? – умяшаўся малодшы. – Мы ж абышлі ўвесь лес, стралялі, гукалі. Каб яны тут былі дык адгукнуліся б, пачуўшы людзей. Усе рэчы тады былі цэлыя. Мы і рэвальверы глядзелі.
– А ўсё ж такі трэба пераканацца, – паківаў галавой новы.
– Добра, – супакоіў чорны. – Зараз скончым і паглядзім. Пойдзем нават паглядзець і іх «хату».
Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.
Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.
– Трэба было б за гэтага ўзяцца, – кінуў малодшы на палонніка. – Чаго з ім доўга валаводзіцца?
– Але, – устаў чорны.
Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!
– Хадзі сюды, сабака! – падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.