Палескія рабінзоны, 2 частка

Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, што абодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.
Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.
– Гэй ты, вартаўнік! – штурхануў яго пад бок Мірон.
– Га? Што? – усхапіўся той.
– Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.
– А ты?
– І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.
– Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, – пазяхаючы прамовіў Віктар.
– А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.
І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ…
Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса – гарачы чай уночы.
З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.
Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка. Яны нават чулі тупат ног і галасы. А праз хвіліну выяўляўся падман і прыходзіла перакананне, што сядзяць яны тут дарэмна, што ніхто і не думае сюды ісці.
– А можа, іх ужо злавілі і пасадзілі ў турму? – сумна казаў Віктар.
– Усё можа быць, – уздыхаў Мірон.
Мусіць, сваякі бандытаў гэтак не баяліся за іхняе жыццё, як нашы хлопцы.
– Але ж павінен хто-небудзь прыйсці па тавар? – разважаў Мірон. – Не могуць жа яны пакінуць сваё дабро.
– Могуць прыйсці і ўзімку, і на другі год, – адказаў Віктар. – А калі іх злавілі ўсіх, дык могуць і ніколі не прыйсці.
Пачуўся хруст. Хлопцы зноў напружыліся, зноў з'явілася надзея. Але гэта праціскаўся праз зараснік дзік. Цераз палянку было відаць, як ён спакойна і павольна капашыўся ў балоце.
– Вось добра было б стрэліць у яго! – заблішчаў вачыма Віктар. – Напэўна трапілі б. І мяса свежае было б.
Засвярбелі рукі і ў Мірона. Што будзе, калі кантрабандысты не прыйдуць? Тады давядзецца яшчэ горш галадаць, а між тым яны могуць зараз назапасіць мяса.
Але нарэшце ён пачаў даводзіць Віктару, што гэта будзе надта рызыкоўна:
– Ці можам мы напэўна сказаць, што яны не прыйдуць? Не. Ну, а калі прыйдуць, то мы загінем напэўна. І стрэл могуць пачуць, і сляды не паспеем знішчыць.
Дзік тым часам схаваўся за дрэвамі.
А ўначы, каля вогнішча, як яны шкадавалі, што не выкарысталі магчымасці! Яны паспелі б ужо разабраць і схаваць дзіка, былі б забяспечаны свежым мясам. А цяпер што будзе?
– Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! – са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.
Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:
– А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?
– Вядома, паручыцца ніхто не можа, але…
– Пачакай. Значыць, можна было думаць, што яны прыйдуць?
– Ну, можна.
– А ты ведаеш, чым пагражала гэтая магчымасць?
– Ну, ведаю.
– Дык вось што: маленькая магчымасць загінуць – сур'ёзней за вялікую магчымасць пад'есці.
– Але ж у нас ёсць рэвальверы! – не здаваўся Віктар.