Палескія рабінзоны, 2 частка

Недакурак быў сухі, свежы…
Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, як ачмурэлыя.
– Можа, ты? – шэптам запытаўся Віктар.
– Ідзі ты к ліху! – раззлаваўся Мірон. – Хутчэй ты сам.
– І не я. Значыцца…
– …тут нядаўна быў чалавек, – скончыў Мірон. І быў ён не пазней учарашняга дня, бо ў перадапошнюю ноч быў дождж і недакурак пажаўцеў бы.
– А я думаю, што сёння, – упэўнена адказаў Віктар, – бо сёння я тут быў і ў кожным разе такую незвычайную рэч заўважыў бы.
– Відаць, ён быў тут, калі нас не было, і падумаў, што нікога няма. Можа, ён і недалёка паспеў адысціся.
– Гэй! Людзі! Сюды! – загукалі хлопцы што было сілы.
Прыслухаліся – ніхто не адгукаецца.
Зноў пачалі крычаць, зноў прыслухаліся. Потым пабеглі наперад, нібы шалёныя, кідаліся ва ўсе бакі і крычалі датуль, пакуль не страцілі голас. Але ўсё было дарэмна…
– Няма! Пайшоў, – апусціў галаву Віктар. – А ён ведае дарогу.
– Добра ўжо і тое, што сюды можна прыйсці, – сказаў Мірон. – А калі можна прыйсці, значыцца, можна і выйсці.
– Але як, калі не ведаеш, знайсці гэтую сцежку?
– Вядома, нялёгка. Затое мы пэўна ведаем, што яна ёсць. І гэта добра.
Доўга абмяркоўвалі яны гэтае здарэнне, нават заснуць не маглі. Вельмі шкадавалі, што чалавек не знайшоў іх. Але ж затое ў іх з'явілася надзея хутка выбрацца з гэтай пушчы.
І калі нарэшце, здавалася, яны паснулі, Віктар раптам усхапіўся і штурхнуў Мірона ў бок.
– Чаго ты? – нездаволена буркнуў той.
– Слухай, – трывожным шэптам пачаў Віктар. – А што, калі… ён… наўмысля не хацеў сустрэцца з намі?
– Ну, вот яшчэ што выдумаў! Спі. Заўтра ўбачым.
– Не, ты толькі падумай: будка, вогнішча, чарапаха з сокам, розныя хатнія рэчы, а галоўнае – барсучыная скура ў будцы. Хіба можна падумаць, што нікога няма? Га?
– А чаму ж не? – адказаў Мірон, але ўжо не так упэўнена. – Калі мы пойдзем, то пакінем жа і вогнішча, і будку.
– А чарапаху? А барсучыную скуру?
– Ну, ён мог на гэта не звярнуць увагі.
– Але ж ён, здаецца, стаяў і курыў тут.
Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны ні меркавалі, растлумачыць гэты незразумелы факт ніяк не маглі. Ну, хто мог хавацца ад іх і навошта?…
Так і паснулі ў трывожным няведанні.
Дарэмныя патугі. – Паселішча баброў. – Яшчэ адна няўдалая спроба. – Недакурак варона на хвасце прынесла. – Сонны заяц.
Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:
– А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.
Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.
– Усё роўна трэба абследаваць абодва, – нарэшце сказаў Віктар, – дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.
Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.
– А можа, ён у другім месцы перайшоў.
Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.
Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.
– Відаць, паводка яшчэ не скончылася, – сказаў Мірон. – Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.
Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.
Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.
– Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, – упэўнена сказаў Віктар.