Палескія рабінзоны, 2 частка

Нарэшце ўзяліся за вогнішча.
– Здаецца, прыблізна было гэтак, – казаў Мірон, калі раскладаў галавешкі.
– А я ўсё-такі пазнаў бы, што тут нехта гаспадарыў, – прамовіў Віктар.
– І кожны пазнаў бы, каб тады спецыяльна прыгледзеўся, – усміхнуўся Мірон. – Але дзеля гэтага трэба было ўжо тады ўсё ведаць і прадбачыць.
Цяжэй было вырашыць пытанне з агнём. Пагасіць вогнішча, безумоўна, трэба. Трымаць на сваім назіральным пункце агонь, безумоўна, нельга. Няўжо зусім адмовіцца ад яго?
– Гэта немагчыма! – ускрыкнуў Віктар. – Адмовіцца ад агню, потам і крывёю здабытага, сваімі рукамі выгадаванага, захаваўшага наша жыццё! Я нават збіраўся ўзяць яго з сабой дадому, бо ў нас зусім не такі агонь, горшы.
– Таму, што лёгка здабыты запалкамі, – дадаў Мірон.
Пасля досыць доўгага абмеркавання вынеслі такую пастанову: знайсці такі дзікі куток, куды ніякаму бандыту не было б ахвоты соваць нос, і такі густы, каб і зблізку нельга было заўважыць у ім ні агню, ні дыму. Там і захоўваць агонь. І туды пасля дзённай варты прыходзіць спаць.
Узялі свой гаршчок, палажылі гарачага вуголля і пайшлі. Трымаліся бліжэй да возера, улічваючы, што ў гэты бок бандытам няма сэнсу ісці. Тут былі мясціны, куды і самі хлопцы ні разу не завітвалі. Калі яны зайшлі ў гушчар, Віктар узяў у руку рэвальвер і сказаў:
– У гэтых нетрах можна яшчэ напароцца на якога-небудзь насарога.
А праз хвіліну пачуўся такі тупат і грукат, нібы сапраўды імчыцца насарог. Не паспелі хлопцы апамятацца, як на іх наляцела вялікая рагатая жывёліна. Яна выгіналася, падскаквала і, здавалася, хацела растаптаць нашых герояў.
Мірон кінуўся ўбок, гаршчок вываліўся з яго рук. Віктар падняў рэвальвер, але жывёліна зачапіла яго бокам, і ён паваліўся на зямлю, стрэліўшы ў паветра. А пасля гэтага стрэлу нешта мільганула над галавой і зашуршала з другога боку. Тупат жывёліны зрабіўся раўнамерным і паступова аддаліўся. А праз хвіліну зноў усё было ціха, як і раней.
Хлопцы асцярожна паднялі галовы.
– Што ты бачыў? – запытаўся Віктар.
– Вярблюда.
– Не, без жартаў.
– Мусіць, нейкі алень ці лось, але чамусьці з гарбом.
– А ці ведаеш ты, што мы цяпер зноў заслужылі падзяку ад дзяржавы?
– Завошта?
– За тое, што выратавалі ад смерці лася.
– Якім чынам?
– Гэта быў ніякі не горб, а рысь. Драпежніца ўскочыла ласю на карак і, напэўна, загрызла б яго, каб не мой стрэл.
– Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? – недаверліва спытаў Мірон.
– Хіба доўга зірнуць? Круглая кашэчая галава, кутасікі на вушах ды куртаты хвост – адразу можна пазнаць.
– Але ж, здаецца, і цябе зачапілі?
– Крыху штурханулі, але дарма: не кожнаму трапляецца так блізка пазнаёміцца з ласём.
– Вось табе і насарог! – засмяяўся Мірон.
– Толькі крыху не хапіла! – зарагатаў і Віктар. – Я цяпер ужо не здзіўлюся, калі сустрэнем і слана.
– Але наш гаршчок разляцеўся на кавалкі, – сказаў Мірон, збіраючы вугольчыкі.
– Тады спынімся тут. Калі тут жывуць такія звяры, дык, мусіць, гэта і будзе самае глухое месца.
Пад аховай шыракалапых елак расклалі яны вогнішча і доўга палілі, пакуль не набралася поўная яма жару.
– Заўтра яшчэ дадамо, а сёння пойдзем паспім апошнюю ноч у нашым родным будане.