Палескія рабінзоны, 2 частка

– А бляшанку адну трэба ўзяць сабе. Яна можа служыць замест гаршка.
– Правільна! Тады не трэба будзе больш важдацца з гэтым праклятым чарап'ём.
У апошні момант, калі пачалі былі закладваць гняздо, заўважылі ў галлі новую рэч. Гэта быў кінжал у ножнах. Гэтая знаходка ўсцешыла хлопцаў больш, як усё папярэдняе.
– Гэты нож нібы спецыяльна пакладзены для нас! Яны, можа, так сабе, на кожны выпадак, сунулі яго, а для нас якое шчасце! – цешыўся Мірон.
– Дай Бог ім здароўя на тым свеце! – прамовіў Віктар.
Калі ўпарадкавалі рэчы, пачалі рамантаваць хатку. Трэба было зрабіць акурат так, як было раней, а гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Сувязь між галлём была парушана; выходзіла звычайная куча ламачча, а не бабровая хатка.
– Ах, каб на цябе ліха! – злаваў Віктар. – Ніколі не думаў, што давядзецца будаваць бабру хату.
– Ды яшчэ акурат так, як яны, – дадаў Мірон. – Не, гэтак нікуды не варта! Разбурай зноў. Няма чаго спяшацца. Рызыкоўна. Трэба прыгледзецца, як яны будуюць, і пачаць спачатку, па галінцы.
– Вось не было яшчэ бяды! – бурчаў Віктар. – Гэтак увесь дзень патрацім.
– Але ад гэтай працы залежыць нашае жыццё, – сурова сказаў Мірон.
– Эх, каб можна было папрасіць баброў, каб яны самі дабудавалі, – уздыхнуў Віктар.
І, набраўшыся цярплівасці, хлопцы ўзяліся за працу павольна, метадычна. Некалькі разоў пачыналі спачатку, адыходзілі, прыглядаліся, зноў папраўлялі. Адным словам, сапраўды патрацілі бадай увесь дзень, пакуль зрабілі так, як было спачатку.
«Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. З аднаго боку – рэвальвер, з другога – рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак.
– Вось калі дапамаглі нашы ваенныя заняткі ў гуртку! – казаў Мірон. – Без гэтага не толькі не ведалі б ніякіх там піраксілінаў, але і рэвальвера не ўмелі б у руках трымаць.
– А цяпер толькі давай сюды бандытаў, – усіх перастраляю! – храбрыўся Віктар. – Хай бы цяпер трапіўся які звер.
– Ну-ну! З рэвальверам на паляванне не ходзяць. Ці пацэліш ты хоць вунь у тое дрэва?
– Ану, давай! – з запалам крыкнуў Віктар.
Стрэлілі яны па тры разы, а трапіў толькі адзін раз Мірон. Віктар аж пачырванеў ад сораму.
– Давай яшчэ! – гарачыўся ён.
– Калі ты гэтак будзеш гарачыцца, дык ніколі не патрапіш, – павучальна сказаў Мірон. – Гэта табе не стрэльба. Каб з рэвальвера навучыцца страляць на далёкай адлегласці, трэба доўга практыкавацца. А нам хопіць і гэтага. У бандыта вблізку трапім.
– Але ж трэба папрактыкавацца, патронаў хапае, – настойваў Віктар.
– Я баюся, што нашы стрэлы могуць пачуць гэтыя самыя бандыты. Хто іх ведае, дзе яны жывуць, дзе бадзяюцца! Можа, блізка.
Гэтая заўвага пераканала Віктара.
Хоць сённяшні дзень быў і зусім галодным, але хлопцы паляглі спаць у самым бадзёрым настроі. Ім здавалася, што з рэвальверамі ім галадаць болей ужо не прыйдзецца.
Калі яны паляглі, Віктар сказаў:
– Ведаеш што? Цяпер я ўжо разумею, чаму баброў гэтых шануюць, берагуць, бароняць. Яны ж надзвычай карысныя для чалавека! Гэта ж яны нас выратавалі тады ад смерці! Яны цяпер нам і зброю далі.
– Застаецца толькі папрасіць іх, каб вывелі нас адсюль, – адказаў Мірон пазяхаючы.
Голад са зброяй. – Сапраўднае паляванне.
Прачнуліся яны з такім пачуццём, нібы ліхія гадзіны ўжо скончыліся. Цяпер і зброя ў іх была, і дасканалы нож, і добрая пасудзіна. Можна было ўжо сапраўдны абед згатаваць. А як жа яны знудзіліся па гатаванай страве! Усё было добра, толькі… не было чаго гатаваць. Другі дзень яны нічога не елі.
Але настрой быў бадзёры і вясёлы.
– Цяпер ужо малая бяда! – казаў Віктар. – Ідзём на паляванне!
З рэвальверамі ў руках яны пайшлі ў лес. Прабадзяліся гадзіну, другую, а страляць не было ў каго. Скакалі па дрэвах вавёркі, але не пра такую дзічыну думалі паляўнічыя, ды каб і падумалі, – з рэвальвера не застрэлілі б. Бачылі на дрэве яшчэ адну жывёлу, якую Мірон палічыў за гарнастая, але Віктар растлумачыў, што гэта куніца.
– Бачыш, яна куды большая, колер цямнейшы, на шыі жоўтая пляма, морда вастрэйшая, – адным словам, падабенства мала.
Каля балота спудзілі качак, але таксама страляць не было чаго і думаць. Недзе далёка мільгануў заяц. А нашы паляўнічыя толькі лыпалі вачыма, гледзячы на гэтую дзічыну.
– Вось табе і зброя! – злосна зірнуў Віктар на свой рэвальвер.