Палескія рабінзоны, 2 частка

– Прыблізна такіх, зялёных. А калі крыху і не такой пароды, то бяды не павінна быць. Шкада толькі, што ядуць адны заднія лапкі. А гэткімі кумпякамі не наясіся.
Віктар каменем адрэзаў кумпякі і кінуў іх у агонь. Праз хвіліну выняў, памачыў у соль і працягнуў адзін Мірону. Але той адвярнуўся.
– Ты думаеш будзе гэтак жа, як тады з зайцам? – засмяяўся Віктар. – Не, браток, нічога лепшага цяпер ужо не дачакаешся.
Смела паднёс да рота, адкусіў.
– Ну, як? – з хваляваннем спытаўся Мірон.
– Разоў у тысячу лепш за сырога зайца! – адказаў Віктар і зноў адкусіў. – Бяры, пакуль не позна, а то ўсё з'ем.
Узяў і Мірон, з агідай адкусіў.
– Ну як? – запытаў цяпер ужо Віктар.
– Не разабраўся пакуль што.
– Кусай яшчэ!
Адкусіў Мірон яшчэ, потым яшчэ і, нарэшце, усё з'еў.
– Праўду кажучы, нічога дрэннага няма, – прамовіў ён.
– Вось бачыш, – сказаў Віктар. – Нездарма, кажу, паны ядуць. Я чытаў, што ў Парыжы, у рэстаранах, сытыя буржуі вялікія грошы плоцяць за гэтую страву. А нам плаціць не трэба.
– Затое нам, галодным, трэба, можа, па сотні такіх жаб. А дзе іх гэтулькі набярэш? Гэта старая, а маладыя яшчэ не вывеліся.
– Тады будзем есці ўсю, – сказаў Віктар. – Якая розніца паміж заднімі, пярэднімі нагамі, спіной?
Ён узяў яе ў рукі, але кінуў:
– Не, яшчэ не магу, не настолькі прагаладаўся.
– А каб у кнізе было напісана, што ядуць усю, то з'еў бы? – спытаў Мірон.
– Напэўна, – засмяяўся Віктар.
Пасля таго яны нават спецыяльна хадзілі лавіць жаб, але зноў злавілі толькі адну. На гэты раз з'елі ўжо і пярэднія кумпякі, і спіну…
І нічога дрэннага не здарылася.
– Мусіць, усё залежыць ад погляду і прывычкі, – разважаў Мірон. – Мусульмане не ядуць свініны, у нас не ядуць каніны, некаторыя ядуць саранчу…
– Я ж тое самае і кажу! – падхапіў Віктар. – У кожным разе, праз тое, што гэта агідна, паміраць не варта. Але на адной жабе далёка не паедзеш. Хоць абы-якую жывёліну здабыць – усё з'еў бы.
– Ведаеш што? Паспрабуем злавіць бабра.
– Але ж іх нельга знішчаць!
– І я гэта ведаю. Аднак мы двое важней за аднаго бабра.
Супраць гэтага нічога нельга было сказаць, і хлопцы зараз жа накіраваліся да бабровага паселішча.
Там ішло сабе мірнае бабровае жыццё. Звычайна бабры не любяць паказвацца ўдзень, але ў гэтым кутку, дзе іх ніхто ніколі не трывожыў, яны не надта сцерагліся. Калі хлопцы падышлі бліжэй, усе бабры схаваліся ў ваду.
– Пойдзем да той вунь, – паказаў Мірон на чацвёртую хатку, што была каля берага.
– Наўрад ці ёсць там хто, – сказаў Віктар, – але паспрабаваць можна.
Яны падышлі да хаткі і зараз жа пачалі шукаць і завальваць выхады. Два выхады былі пад вадой, трэці – крыху над яе паверхняй.
Мусіць, калісьці і ён быў пад вадой. Паспрабавалі прасунуць руку ў гэтую дзірку, але нічога не маглі дастаць.
– Лепш разбяром зверху, – сказаў Мірон.
Спачатку галлё лёгка было разбіраць, але далей яно так шчыльна перапляталася, так моцна было злеплена зямлёй, што справа пайшла вельмі марудна.
Невядома, колькі спатрэбілася б часу, каб Віктар не абмацаў збоку месца, дзе галлё, здавалася, не было склеена і лёгка паддавалася пад рукой. Праз хвіліну заўважылі дзірку, якая вяла ўсярэдзіну.
– Ну, цяпер пільнуй! Вось дзірка, – сказаў Віктар і прасунуў руку. Памацаўшы крыху ўсярэдзіне, ён крыкнуў: – Нібы пакунак нейкі! – і сапраўды выцягнуў пакунак, старанна загорнуты ў тоўстую паперу.
– Вось табе і бабёр!
Развязалі. Пакунак яшчэ быў абгорнуты ў васковую паперу і яшчэ раз завязаны ніткай. Зноў развязалі і ўбачылі… жаночыя шаўковыя панчохі! Шмат панчох.
– Дык вось у чым сакрэт! – крыкнуў Віктар. – Кантрабандысты выбралі сабе тут прытулак! Вось чаму спыніліся тут нашы «збаўцы» і хацелі нешта паглядзець, ці ўсё ў парадку!
– Але чаму ж яны выбралі бабровую хатку, калі можна было закапаць у зямлю? – здзівіўся Мірон.