Палескія рабінзоны, 2 частка

– Ды тут іх шмат было! – сказаў ён. – Вось сляды нібы ваўка, вось – нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?
– А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.
– Што ж мы цяпер будзем рабіць? – схапіўся за галаву Віктар.
– Тое, што і да гэтага часу, – спакойна адказаў Мірон. – Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.
Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.
– Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, – разважаў Віктар, – кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.
Мірон нават засмяяўся.
– Ці ведаеш, што мы і так разумныя? – сказаў ён.
– Не відаць гэтага, – паківаў галавой Віктар.
– Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.
– А калі дзесяць год, дык аніводнай не будзе! – сказаў панура Віктар.
– Пэўна, – сур'ёзна адказаў Мірон. – На ўсё трэба практыка, а ты адразу хочаш зрабіцца чалавекам без хібаў.
– Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? – ужо жартам прамовіў Віктар.
– На наш век дурняў хопіць, – засмяяўся Мірон. – Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы».
– Ты іх лічыш дурнямі?
– Калі мы іх перахітрым, – так.
– А калі яны?
– Тады мы будзем дурнямі.
Паступова вастрыня ўражання змяншалася. Забыцца на няшчасце, не шкадаваць яны, вядома, не маглі, але будучыня ўжо не здавалася ім безнадзейнай.
– Давай падбяром хоць агрызкі, – сказаў Мірон.
– А можа, яшчэ якую хваробу схопіш ад іх?
– Я думаю, тутэйшыя звяры адчуваюць сябе лепш, як мы.
Такіх недаедкаў навакол набралася столькі, што хлопцам магло хапіць на ўвесь заўтрашні дзень. А потым яны пачалі суцяшаць сябе тым, што, можа, паслязаўтра мяса і само сапсавалася б. А калі ўбачылі, што рэштка солі засталася некранутай, то яшчэ лягчэй зрабілася на сэрцы.
Панская страва. – На баброў. – Вось дык бабёр! – Таемныя лісты. – Рамонт бабровай хаткі. – Ваенная падрыхтоўка. – Чаму людзі шануюць баброў.
Мінула яшчэ два дні. За гэты час хлопцы скончылі сваё абследаванне. Толькі ў адным месцы яны знайшлі нешта падазронае і, прасунуўшыся ў балота, адчулі пад нагамі нібы нейкія жэрдкі.
– Мусіць, тут! – узрадаваліся хлопцы.
Але праз некалькі крокаў жэрдкі скончыліся. Непадалёк ад іх, на купінцы, расло дрэўца. Віктар скокнуў да яго, але недаскочыў і заграз у балоце так, што Мірон ледзь выцягнуў яго з дапамогаю доўгага кала. Пры такіх умовах совацца далей ужо нельга было.
– Але ўсё ж такі недзе выхад ёсць! – ламаў галаву Віктар.
– Ну і што з таго, калі мы не ведаем, – пакорліва прамовіў Мірон. – Нічога не зробіш, прыйдзецца пачакаць. У кожным разе мы свой абавязак выканалі, даследавалі ўсё, што можна было.
А выканаўшы абавязак, яны ўжо ўвесь час маглі аддаць на пошукі спажывы. Але «дурных» звяроў больш не траплялася. Зноў давялося перайсці «на пашу», як казаў Віктар. А адной пашай пратрымацца было цяжка.
Аднаго разу Віктар прынёс зялёную жабу.
– Давай пакаштуем панскай стравы, – сказаў ён.
– Ой, баюся! – скалануўся Мірон.
– А я думаю, калі паны ядуць, дык і нам можна.
– Можа, не такіх?