Палескія рабінзоны, 2 частка

– Але ж і ўчапілася! – заўважыў ён. – Мусіць, зноў пачне расці.
– Пэўна, бо свае тонкія карэньчыкі яна запускае глыбока ў дрэва. Нават можна па глыбіні пазнаць, колькі часу яна тут жыве. Але ўсё-такі лягчэй будзе беднаму дрэву.
Дома ім сапсавала настрой дымарня. Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот: яны рабіліся больш мяккімі, разлезлымі і, здавалася, псаваліся хутчэй, як без акурвання.
– Відаць, нічога не выйдзе, – журыўся Мірон. – Іх трэба і саліць, і сушыць доўга, а потым ужо акурваць. Апрача таго, вецер адносіць дым. Выходзіць, што мы самі толькі псуём іх. Лепш ужо спячы – даўжэй захаваюцца.
– І высушыць, – дадаў Віктар.
Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.
Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.
– Гэта пойдзе ў лік пайка, – звярнуўся ён да Віктара. – Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.
– Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.
– Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, – прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.
– Тады паложым іх у хлеў, – сказаў Віктар. – Пакуль што ён у нас пусты.
Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.
– Мы ж забыліся пра нашых пчол, – сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.
– Туды пойдзем заўтра раніцою, – адказаў Мірон.
Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?
– Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, – прапанаваў Віктар.
– Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, – сказаў Мірон. – Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.
Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.
Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.
Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
– Ды гэтага і чакаць трэба было, – сказаў Мірон. – Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.
– Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, – казаў Віктар, аблізваючы пальцы.
– Цяпер мы жывём! – разважаў Мірон, калі ішлі назад. – Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.
– Пачакай цешыцца, – усміхнуўся Віктар. – Можа, звар'яцееш яшчэ.
– Чаму так? – прыпыніўся Мірон.
– Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?
– Ну, не. Столькі не набяруць.
– Калі не зусім, дык крыху ашалееш.
З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.
А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў…
У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.
– Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася?!
– Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, – панура сказаў Мірон. – Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.
Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.