Палескія рабінзоны, 2 частка

– Адным словам, – скончыў свае падлікі Мірон, – сёння ўсё зрабіць мы не паспеем, не кажучы ўжо аб тым, што наш агонь за гэты час можа загінуць.
Праз некалькі хвілін два хлопцы валаклі па лесе мядзведзя. Адзін трымаў яго за правую пярэднюю лапу, другі – за левую, а мядзведзь ехаў па зямлі на спіне мордай наперад. Хоць і невялікі быў звер, але для галодных і аслабелых хлопцаў ён быў значным грузам.
– Колькі мы тут валачэм непатрэбнага цяжару, які добрыя людзі пакінулі б на месцы! – скардзіліся хлопцы.
У гэты дзень яны паспелі толькі набраць каменняў ды наладзіць іх «апрацоўку». У лесе пачулася лясканне, нібы хто брукаваў вуліцу. Праз некаторы час хлопцы ўжо мелі «нажы» і «сякеры» каменнага веку. Але ж якія гэта былі прылады! Хлопцы глядзелі на іх і казалі:
– Першабытны чалавек засмяяў бы нас, каб убачыў такія прылады.
– І ў музеі такіх не знойдзеш.
– Але мы не вінаваты, што крэменю няма.
– Мусіць, і з крэменю мы не здолелі б зрабіць так, як яны.
– А ўсё-такі ямчэй будзе, чым зубамі!
На другі дзень раненька ўзяліся за працу. Дапамагчы каменныя прылады дапамаглі, але толькі з удзелам сухога вострага кораня ды ўсялякіх іншых прыстасаванняў. У выніку атрымалі столькі мяса, што не ведалі, куды яго дзець.
– Што рабіць? – у роспачы казаў Мірон. – Без солі яно і тры дні не пратрымаецца.
– Тады трэба наесціся на запас, – не то сур'ёзна, не то жартам сказаў Віктар.
І сапраўды, яны так пад'елі, што ўвесь дзень і глядзець не хацелі на мяса.
– Зноў мы зрабілі памылку! – сказаў Мірон. – Нам трэба было напаследак гэтак наесціся. Тады і добра было б, што не хочацца есці. А цяпер свежае мяса дарма гіне.
– Давай тады акурым яго, – запрапанаваў Віктар.
– І то праўда! – суцешыўся Мірон. – Хоць без солі ўсё роўна доўга не будзе трымацца, але напэўна даўжэй, чымся так.
Змайстравалі з жэрдак козлы, скруцілі з лыка вяроўкі і павесілі шынкі.
– За адзін заход павесім і свае гаршкі, – сказаў Мірон, – мусіць, яны падсохлі ўжо.
Гаршкі ляжалі ў ямцы, выкапанай у пяску пад коранем дрэва. У цяньку яны падсохлі досыць добра і не мелі аніводнай шчарбіны. Прыладзілі і іх, але вышэй, чым мяса, каб да іх даходзіў толькі лёгкі дух.
– Рызыкоўная справа з гэтым чарап'ём, – мармытаў Мірон. – Трэсне – і ўсё прапала.
Стаянка прыняла зусім гаспадарчы выгляд. На дрэве вісела скура мядзведзя, на жэрдках акурваліся шынкі, каля вогнішча і будана ўвіхаліся жыхары.
– Акурат як у людзей! – радасна казалі хлопцы.
Пад вечар усё ж такі яшчэ пад'елі мяса і паляглі спаць у самым добрым настроі.
Зноў дарэмная спроба. – Апрацоўка запасаў. – Па мёд. – Гібель гаспадаркі. – Змаганне з роспаччу. – Звярыныя недаедкі.
Цяпер ужо можна было пачынаць пошукі дарогі. Першы дзень яны бадай увесь і патрацілі на гэтую справу. След бандытаў паказаў, што праход быў недзе за суседнім востравам. Значыцца, адразу адпадала патрэба шукаць за гэтым. За першы ж дзень яны добра агледзелі трэцюю частку ўсяго берага, які ім належала абследаваць. У адным месцы яны прасунуліся досыць далёка, аднак далей усё роўна была такая дрыгва, што прайсці праз яе і думаць нельга было.
Але хлопцы і не спадзяваліся на хуткі поспех і вярнуліся дадому, задаволеныя ўжо тым, што частка задачы выканана. У дарозе яны выкарыстоўвалі кожны выпадак, каб скубануць чаго-небудзь расліннага: ці аеру, ці шчаўя, ці сыраежку, ці якую зялёненькую лісцінку.
– Дзіўная рэч, – казаў Віктар, – цяпер я ем кожную лісціну з большым смакам і ахвотай, як тады, калі два дні нічога не еў.
– Гэта таму, – растлумачыў Мірон, – што наш арганізм патрабуе змены стравы, патрабуе зеляніны ці наогул чаго-небудзь расліннага.
Паміж іншым, на галіне ліпы яны заўважылі нейкую цікавую расліну. Гэта быў нібы куст з доўгімі сцябламі, дробным светленькім лісцем і дробненькімі жоўценькімі кветкамі. Прыладзіўся ён на галіне стажком і, здаецца, з зямлёй ніякай сувязі не меў. Калі ўбачыў яго Мірон, то крыкнуў:
– Гані вон гэтага драпежніка! Гэта амела, шкодная расліна, таксама паўднёвы госць. Яна жыве выключна на чужым карку. Птушкі ласуюцца яе ягадамі, а потым чысцяць свой нос на галіне другога дрэва. Ліпкі сок прыклейваецца, і гэтага досыць, каб расліна пачала расці.
Віктар ахвотна здзёр і скінуў драпежніка.