Падарожжа вакол дома

Маці вынесла Ірачку на двор. Там, у зацішку, каля сцяны, ужо стаяла яе калясачка. Побач была насыпана гурба жоўтага пяску, а ў ім капашыўся народ, у тым ліку старэйшы брат Ірачкі — шасцігадовы Арсенька.
Ірачка ўжо драмала, і маці адразу палажыла яе ў каляску. Закрыла яе як мае быць, засланіла ад сонца і сказала Арсеньку:
— Наглядай за Ірачкай, я іду ў хату. Чуеш?
Арсенька ў гэты час рабіў гараж для сваей трохтонкі. Вядома, што пры такой важнай справе ён зусім не звярнуў увагі на новае адказнае даручэнне, але сказаў:
— Чую.
Маці пайшла ў хату. Арсенька дабудоўваў гараж. Ірачка спала. Усё было ў парадку, як і ўчора і пазаўчора. Арсенька быў спакойны, і маці не трывожылася.
Магчыма, і гэты дзень прайшоў бы спакойна, але на тую бяду нейкім чынам заблудзіў у гэты раён вялікі, тоўсты чмель. Як ён сюды трайіў — невядяма. Па суседстве былі дрэвы, агароды, лапухі і розная іншая зеляніна, а ён чамусьці ўпёрся ў сцяну вялікага трохпавярховага дома. Трэба думаць, што чмель гэты быў трохі дурнаваты; гэта відаць яшчэ і з таго, што ён гвалтам праціснуўся пад марлю ў каляску да Ірачкі і давай там гусці страшным, тоўстым гол асам.
Ну, вядома, ад такога тоўстага чмяля з такім тоўстым голасам прачнулася б і сама мама, а пра Ірачку і казаць няма чаго. Але ёй так не хацелася расплюшчваць вочы!
Аднак гэты гудач рабіўся ўсё больш і больш нахабным: ён гудзеў то ў адно вуха, то ў другое, нават загудзеў у нос.
Нічога не зробіш — прыйшлося расплюшчыць свае сінія вочы. Тут Ірачка і ўбачыла, што над ёю мітусіцца нешта чорнае, вялізнае, калматае. Пакуль яно мітусілася там недзе высока, Ірачка толькі з цікавасцю сачыла за ім. Але чмялю, мусіць, здалося, што пад ім з'явіліся дзве сінія кветкі, і ён захацеў апусціцца на іх.
Ірачка крыкнула, замахала рукамі, адсунула марлю і апынулася пад чыстым небам. А чмель знік.
Арсенька нічога не пачуў і не ўбачыў. Будаўніцтва было ў поўным разгары. Толя, засопшыся, будаваў сабе дом. Дзіма стараўся зрабіць крэпасць. Ліля будавала тэатр. А Валодзя капаў нейкае падземнае сховішча.
Ішоў міма нечы тата і спытаўся:
— Ну, будаўнікі, што вы тут пабудавалі? Вось, скажам, гэтая будыніна што азначае?
Гэта была Арсенькава будыніна.
— Гараж! — з гонарам адказаў Арсенька.
— Ой, які выдатны гараж! — сказаў дзядзька і ступіў нагой на прыступку ганка, а пакуль ступіў другой нагой, то і забыўся, што ён тут бачыў, пра што пытаўся і што яму адказалі. А між тым яго словы не прапалі дарэмна.
— I ў мяне таксама гараж! — крыкнуў Толя.
— I ў мяне будзе гараж! — далучыўся Дзіма.
— I ў мяне гараж!..
— I ў мяне...
У той жа міг і дом, і тэатр, і крэпасць, і падзямелле ў вачах будаўнікоў адразу ператварыліся ў гаражы. Нават дакрануцца да іх не прыйшлося. Вось што значыць шчыра захацець!..
Але нядоўга яны цешыліся сваімі дасягненнямі. Раптам над іх галовамі пацямнела неба, нешта вялізнае шаснула на іх, і на гаражы пляснулася... Ірачка!
Што тут пачалося — апісаць немагчыма. Ірачка, вядома, заплакала як магла, але больш ад страху, чым ад болю: гаражы дапамаглі ёй прызямліцца досыць мякка. Арсенька заплакаў ад таго, што гараж загінуў. Ліля заплакала таму, што каляска досыць балюча стукнула ёй па галаве. Толькі Дзіма з Валодзем смяяліся над перакуленай каляскай. Неспадзявана засмяялася і сама віноўніца няшчасця.
Гэта паслужыла сігналам да агульнага супакаення. Каляску паставілі на колы, Ірачку паставілі на ногі і прыступілі да аднаўлення гаражоў. Арсенька, як адказны за сястру, хацеў быў увапхнуць яе назад у каляску, але атрымаў такі адпор, што вымушаны быў пакінуць яе на волі. Такім чынам Ірачка заваявала сабе свабоду, якой да гэтага часу не мела. Палову свайго жыцця яна правяла са звязанымі рукам! і нагамі. Калі ж яе вызвалілі ад путаў, то ўсё роўна не давалі магчымасці пасунуцца, куды яна хоча,— так увесь час і трымаліся за яе. Нават пасля таго, як яна стала на свае ўласныя ногі, і тады яна не мела свабоды: куды ні ступіць, што ні зробіць — усё не так.
На гэты раз сітуацыя для Ірачкі склалася вельмі ўдала. Адзіны чалавек, які меў на яе мандат, адступіў і заняўся сваёю справай. Больш не было каму крычаць на яе: «Нельгаі Ідзі сюды!» Яна стала сапраўды вольнай, і ёй вельмі захацелася закрычаць. Яна напружылася, уцягнула ў сябе паветра, нават прысела і так крыкнула, што каб гэта зрабіў які трыццацігадовы дзядзька, гэта значыць, у трыццаць разоў мацней, то аглушыў бы ўвесь дом. Але, на шчасце, ніякі дзядзька так крыкнуць не мог бы: у яго не хапіла б для гэтага ні жыццёвай сілы, ні шчасця, ні жадання. А крык Ірачкі аглушыў толькі яе самую.
Куды ж цяпер накіраваць сваю энергію? Відаць, самае цікавае месца ўсё ж такі там, дзе Арсенька і іншыя дзеці. Яны ж нешта там робяць, капаюцца ў пяску. Чаму ж ёй не пакапацца?
Ірачка падышла і таксама запусціла руку ў пясок. А ён, як жывы, выслізгваецца паміж пальцаў. Цікава!.. Схапіла яшчэ раз, потым пусціла ў ход другую руку — пясок рассыпаецца, уцякае; яна стала больш яго хапаць, падкідаць — ён закружыўся ў паветры, дух захапіла ад радасці... Яшчэ, яшчэ!.. Але тут пасыпаліся з усіх бакоў пратэсты:
— Ай, вочы засыпала!.. Дом разбурыла!.. Ідзі адсюль!.. Не перашкаджай!.. Нельга!..
Тады і Арсенька ўспомніў, што ён нясе за Ірачку адказнасць, і прыняў суровыя меры: узяў яе ручкі, ачысціў ад пяску, потым ціхенька пляснуў па кожнай руцэ і, пераймаючы дарослых, сказаў:
— Нельга! Нельга!
Зноў гэтае вечнае «нельга». Самі гуляюць, а ёй — нельга. Дзе ж справядлівасць? Губы яе ўжо скрывіліся, каб заплакаць, але ў гэты момант Ліля прынесла коціка і захацела пасяліць яго ў сваім пясчаным палацы. Плач прыйшлося адкласці на потым. Хто ж гэта будзе плакаць, калі тут побач жывы коцік? Коцік нізавошта не захацеў лезці ў палац, і прыйшлося яго пакінуць у Лілі на каленях.
Нястрымная сіла пацягнула Ірачку да коціка. Працягнуўшы рукі і балбочучы «дай, дай», рушыла яна прама цераз усе пабудовы. Правей нагой знішчыла гараж, левай — разбурыла тэатр, потым спатыкнулася, павалілася і сваім целам зруйнавала ўсё, што яшчэ ўцалела.