Падарожжа вакол дома

Сонца моцна грэла яе мокрае адзенне, ёй зрабілася цёпла, прыемна. I плакаць ужо не хацелася. Але яна без слёз цягнула свае «а-а», каб паказаць усім, што яна пакрыўджаная. Разам з тым яна зацікавілася новым краявідам, які адкрыўся перад ёю. Яна цяпер стаяла ўжо каля другой сцяны дома. Наперадзе былі шырокія вароты, далей горы — і больш нічога.
Дарослыя лічылі гэтыя горы рэшткамі разбураных будынкаў, а за імі бачылі нават панараму горада, але Ірачка нічога гэтага не бачыла. Калі двор для Ірачкі быў больш-менш знаёмы, то гэтая частка свету была для яе новай. У Ірачкі зноў абудзіліся цікавасць, энергія і жаданне даследаваць невядомы край. Яна пакінула плакаць, ступіла крок, але тут успомніла, што яна пакрыўджаная, і ціхім, абыякавым голасам завяла — «а-а-а». Аднак нічога з гэтага не выйшла, і яна зусім супакоілася.
I вось яна адна на вуліцы, вольная, як птушка. За ёй зноў такая самая сцяна, як на двары, перад сцяной дротавы плот, паміж плотам і домам — зараснік. Там цёмна, страшнавата. А вуліца была хоць і вузенькая, з глыбокімі каляінамі, але ішла так далека ў абодва канцы, што ў Ірачкі дух захапіла. I ціха было тут, бо мала хто хадзіў і ездзіў па гэтым былым завулку.
Ірачка рушыла ў дарогу па каляіне, нібы па якім яры. Па зямлі цягнуліся доўгія прыгожыя палосы з рысачкамі, ямачкамі, пагорачкамі, як фіранкі на акне. Ёй захацелася пакратаць гэтыя пагорачкі, і яны раскрышыліся пад рукамі. У другім месцы яна знайшла саломінку. Гладкая, круглая, а ўсярэдзіне дзірачка. Але як толькі яна пачала калупаць зямлю гэтай саломінкай, тая і паламалася. Крыўдна, што на свеце бываюць такія непрыемнасці. Але, на шчасце, на змену трапіўся добры каменьчык, а потым нават цэлы жалезны крук.
Матэрыялу для даследчай працы было столькі, што Ірачка не мела часу наглядаць мясцовасць і прыроду. Не звяртала яна ўвагі на людзей, што зрэдку праходзілі па дарозе. Раптам ззаду пачуўся грукат, а потым гудкі. Ірачка азірнулася і ўбачыла машыну. Ну, такой штукай яе не здзівіш! Колькі разоў на двары былі машыны, колькі разоў яна сама круцілася побач, сваімі ўласнымі рукамі дакраналася да машыны, нават была ўсярэдзіне, а Арсенька нешта такое рабіў, што машына гукала. I гзтая машына гукае, нібы хоча пацешыпь Ірачку. Нават спынілася дзеля гэтага. Ну што ж, вельмі добра, можна і паслухаць. А тут яшчэ пачуўся гудок ззаду — другая машына стаіць і гудзе! Пацеха. дый годзе! Не ведала Ірачка, што тут так цікава.
Раптам з машыны высунуўся адзін дзядзька і стаў махаць ёй рукою. Ірачцы гэта спадабалася, і яна засмяялася яму. Відаць, дзядзьку гэта спадабалася, бо ён вылез і падышоў да яе. Цяпер Ірачка ўбачыла, што дзядзька не такі ўжо добры і вясёлы. Ён сурова нешта сказаў ёй, а потым узяў пад пахі і панёс. Жах ахапіў Ірачку: куды ён нясе яе? Што з ёю будзе? Але не паспела яна крыкнуць «мама!», як апынулася за сеткай, каля дома. А машыны раз'ехаліся.
Усё гэта здарылася так хутка, так нечакана, што Ірачка разгубілася і не ведала, што ёй далей рабіць. Плакаць — нібы позна ўжо, ісці назад на вуліцу — не хочацца. Трэба тады даследаваць пушчу, што была паміж домам і плотам. Тут ляжалі чорныя дошкі ад ранейшага тратуара, а па баках стаяў зараснік. Дарога па гэтых дошках была самай цікавай з усяго сённяшняга падарожжа. Высокія сцяблы ўздымаліся вышэй галавы, паміж імі — таямнічыя, цёмныя куткі, а то часам адкрыецца светлая палянка. Вакол лятаюць вялізныя матылі, гудуць мухі, жукі. А вунь у гушчары мільгануў звер, падобны да таго коціка. У другім месцы пачуўся шолах і галасы. Ірачка прыпынілася, угледзелася. А там капошацца тыя «цыпы», што адабралі пячэнне. Сэрца б'ецца мацней ад хвалявання. Раптам як скокне перад ёю нейкі камяк. Опечатку ёй здалося, што гэта той самы верабей, а калі прыгледзелася, то ўбачыла, што гэта нешта зусім іншае: брыдкае, з вялікай галавой і пукатымі вачыма, і ў яго ёсць рукі і ногі з пальцамі. Ірачка скамянела. А тым часам камяк зноў скокнуў і знік у гушчары.
На гэты раз усё скончылася шчасліва. Але хто яго ведае, што можа яшчэ здарыцца ў гэткай краіне? Трэба хутчэй выбірацца адсюль. Ірачка паскорыла крокі і праз некаторы час выйшла на адкрытае месца. Тут сцяна зноў заварочвала ўбок. Супраць яе стаялі зусім ужо велізарныя дрэвы, якія ўздымаліся да самага неба. А між дрэў рассцілаліся шырокія зялёныя прасторы. За тым вуглом чуліся дзіцячыя галасы. Часам адтуль выбягалі дзеці і зноў хаваліся. Выбягаў і Арсенька. Ірачка ўзрадавалася, крыкнула, але ніхто яе не пачуў і не заўважыў.
I тады Ірачцы зрабілася сумна-сумна. Больш ужо нішто не цікавіла яе. Хацелася толькі аднаго: быць там і ўбачыць маму, якую яна немаведама калі бачыла.
Але дарога была вялікая. Самае ж галоўнае — спачатку трэба перабрацца цераз шырокі і глыбокі роў, у які нават глянуць страшна. I ніхто да яе не прыходзіў — ні мама, ні Арсенька.
Ну, Арсенька яшчэ сяк-так, але ж чаму мамы няма? Ірачка так хоча, каб тут была мама, а яе чамусьці няма. Хіба так можна жыць на свеце? I такая крыўда ўзяла Ірачку, што яна заплакала ўжо для самой сябе — ціхенька, горка, з вялікім болем у маленькім сэрцы.
Але, як вядома, плачам гору не дапаможаш. Калі стала лягчэй на сэрцы, яна пачала меркаваць, як перабрацца цераз гэты роў. Апусцілася на зямлю і, чапляючыся за траву, спусцілася на дно. А як стала там на ногі, то галава яе была роўна з берагам ямы. Да таго ж на дне было вільготна. Цяпер ужо зусім непрыемна зрабілася, і тады яна заплакала для людзей — моцна, настойліва. Крычала доўга, аж галава разбалелася, пакуль не ўбачыла над сабой Арсеньку і Лілю...
Канец дарогі ёй не прыйшлося ісці: Ліля з Арсенькам панеслі яе і зноў палажылі ў каляску. На гэты раз Ірачка не супраціўлялася. Нічога ёй не хацелася, толькі спаць, спаць... I заснула так, што цяпер і дзесяць чмялёў не разбудзілі б яе.
Калі выйшла маці ды паглядзела на яе, то задаволена сказала:
— Во як спіць! Цэлая гадзіна прайшла, а яна, відаць, і не паварушылася. Няхай спіць на здароўе!
Не ведала яна, што не гадзіна прайшла для Ірачкі, а цэлы год...