Бунт звяроy

3 Гамбурга ў Нью-Йорк плыў карабель. Апрача пасажыраў і звычайнага грузу на ім перавозіўся звярынец: слон, ільвы, тыгры, ягуары, вялізныя малпы, бегемот, насарог і іншыя. Гэтыя пасажыры займалі ўсю заднюю палову карабля. Клеткі іх стаялі радамі па баках, і публіка хадзіла паміж імі ды цешылася дармовым прадстаўленнем, якое было вельмі дарэчы ў час доўгай нуднай дарогі.
Надвор'е было добрае, ціхае, і гаспадар звярынца, тоўсты немец Буш, цешыўся, што падарожжа ідзе добра.
Так ехалі пяць дзён, але на шосты капітан чамусьці занепакоіўся, і перш за ўсіх заўважыў гэта Буш.
— Што такое? — трывожна спытаў ён.
— Ды вось гэтая хмарка мне не падабаецца... Буш паглядзеў і ўбачыў на поўначы невялічкае
воблачка, якое, здаецца, нічым не адрознівалася ад іншых, няшкодных.
— Няўжо ж яно нейкае асаблівае? — здзівіўся Буш.
— Пакуль што нельга сказаць нічога пэўнага,— адказаў капітан,— але дрэнна тое, што яно, відаць, набліжаецца сюды з поўначы, у той час як вецер дзьме з усходу.
А праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Трывожна забегалі баранчыкі, вецер зрабіўся парывістым і ўвесь час змяняўся. А хмара ўжо абхапіла паўнеба.
Каманда пачала рыхтавацца да змагання з бурай. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур'ёзная небяспека.
— Браткі, пастарайцеся! Ці нельга як-небудзь лягчэй? — звярнуўся ён да каманды.
Рогат падняўся сярод матросаў.
— Вам на колькі градусаў зрабіць буру? — падміргнуў адзін з іх.
— Дурны! Не на градусы, а на тоны,— паправіў другi.
Але Буш і сам зразумеў, што сказаў глупства, і пайшоў да сваіх звяроў.
Яны таксама пачалі ўжо непакоіцца, бо гойданка рабілася мацней і мацней. Асабліва цяжка было беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Таксама дрэнна было і насарогу.
Нават бегемот, які сам жыве ў вадзе, і той зароў ад спалоху.
За гэтых волатаў галоўным чынам і баяўся гаспадар. Усё можа быць, калі пачне іх кідаць, як мячыкі.
А яно якраз і пачыналася. Сонца схавалася. Забліскала маланка, загрукатаў над галавою гром, пайшоў дождж. Ужо ад аднаго гэтага звяры замітусіліся і зараўлі. А тут яшчэ пачалося страшэннае гойданне.
Карабель часам нібы лажыўся на бок, і кожны раз звяры валіліся на сценкі сваіх клетак. А калі зараз жа пасля таго карабель адхіляўся на другі бок, то звяры з вялікай сілай перакідаліся і стукаліся аб другі бок клетак.
Калі з ільвамі, тыграмі і іншымі лягчэйшымі жывёламі было яшчэ паўбяды, то з вялікімі зусім іншая справа. Можна сабе ўявіць, што павінна зрабіцца, калі такі слон ці бегемот паляціць ды грукнецца аб краты.
I гэтага моманту ўсе са страхам чакалі.
Слон пакуль што як-ніяк трымаўся на нагах. Абкруціўшы хобатам жалезны прэнт, расставіўшы свае шырокія мяккія ногі, ён, прынамсі, хоць не коўзаўся, затое бегемот з насарогам куляліся ваўсю.
Усе пасажыры пахаваліся ў каютах, толькі Буш, мокры, ускудлачаны, чапляўся на палубе. Ён загадваў сваім памочнікам там прывязаць, там замацаваць, але што можна было зрабіць, калі абедзвюх рук не хапала, каб самому ўтрымацца ды не паляцець у мора?
I вось моцным штуршком нарэшце так кінула бегемота на дзверы яго клеткі, што яны не вытрымалі,— і ашалелы звер выкаціўся на палубу.
Не паспеў ён апамятацца, як шпарка паехаў уніз проста на свайго гаспадара, які трымаўся ля трубы. Буш адскочыў і сам пакаціўся па палубе, а бегемот, стукнуўшыся спіной аб трубу так, што ледзь яе не вывернуў, паехаў назад і трапіў носам у клетку з ільвамі...
Ільвы, раз'юшаныя і без таго, грозна зараўлі і накінуліся па яго праз краты, лічачы, што, мусіць, гэты звяруга і зрабіў увесь гэты гармідар. Але не паспелі яны прасунуць свае лапы, як бегемот паляцеў да малпаў і высадзіў іхнія дзверы.
Спалоханыя малпы выскачылі з клеткі і мігам апынуліся на мачтах. Але трэба сказаць, што там ім было яшчэ горш, як у клетцы. Калі карабель нахіліўся, яны віселі над бяздоннем і ледзь трымаліся за гладкія мачты.
Бачачы, што коўзанне двухтоннага бегемота можа нарабіць вялікай шкоды, капітан загадаў затрымаць яго вяроўкамі. Але не паспелі матросы прыстасавацца, як карабель схіліўся зусім на бок, і бегемот, пераваліўшыся цераз борт, паляцеў у мора, а разам з ім адзін з матросаў...
Жудасныя крыкі разнесліся па палубе, але жудасней і мацней за ўсіх быў голас Буша: