Бунт звяроy

Бура пачала сціхаць. Але карабель усё яшчэ добра гойдала. Звяры ж гаспадарылі на палубе. На забітых накінуліся драпежнікі. Слабейшыя хаваліся ад дужэйшых.
Буш прапанаваў такі план: выступіць супраць звяроў з пажарнымі насосамі. Адагнаць іх ад клетак. Перавесці мірных жывёл, напрыклад зебру, страуса, тапіра, жырафу, у папсаваныя клеткі і як-небудзь іх там заперці, а небяспечных загнаць у цэлыя.
— Я заплачу за гэта,— казаў ён у роспачы.
Тады выступілі супраць звяроў «пажарнікі». За іх спіною — матросы са стрэльбамі. Раз'юшаныя звяры гатовы былі змагацца, але моцны струмень вады прымусіў іх падацца назад.
Аддзяліць звяроў ад клетак было досыць легка. Перамясціць тых, што засталіся ў клетках,— таксама не цяжка. Цяжэй было аддзяліць тых няшкодных звяроў, якія былі на палубе разам з драпежнікамі. Дзеля гэтага дзесяткі разоў прыйшлося круціцца па палубе ўзад і ўперад.
I вось, калі займаліся гэтым, на аднаго матроса аднекуль збоку напаў раззлаваны вадой удаў і абкруціўся вакол яго.
— Памажыце! — закрычаў матрос.
Але як было ратаваць? Страляць нельга, бо змяя шчыльна абкруцілася вакол небаракі. Калі ж удава сяк-так забілі, то чалавек ужо быў задушаны...
— Усе мае змеі прапалі! Тры былі — і ўсе загінулі. Яшчэ дзесяць тысяч страты,— застагнаў Буш.
Самая цяжкая справа была — загнаць апошніх звяроў у клеткі. На вялікае гора для Буша, пры гэтым прыйшлося застрэліць яшчэ аднаго тыгра.
Толькі адну гарылу ніяк не маглі загнаць. Яна так і прыехала ў Амерыку на мачце.
На другі дзень у газеце з'явілася яе фатаграфія з подпісам: «Гарыла на мачце карабля». А ў другой газеце артыкул пад загалоўкам: «Бунт звяроў». Публіка зацікавілася звярынцам Буша, кожны захацеў паглядзець на славутых звяроў. Справы Буша адразу палепшыліся, і хутка ён з лішкам вярнуў усе свае страты.
Не было толькі ў газетах фатаграфій тых людзей, што загінулі, не было артыкула аб іх сем'ях. I зусім не чуваць было, каб палепшыліся справы гэтых сем'яў...