Лацаронi

Зірні на Неапаль, а потым памірай!
Так кажуць італьянцы аб гэтым горадзе. I багатыя людзі з усіх канцоў Еўропы з'язджаюцца, каб зірнуць і — не памерці, не, а добра пажыць, пагуляць.
I сапраўды, прыгожа тут, вельмі прыгожа. Цёмна-сіняе ціхае мора стварае жывапісную Неапалітанскую затоку. На берагах раскошныя вілы бялеюцца з-за пальмаў, памеранцаў, лімонаў, лаўраў і іншых заўсёды зялёных раслін. Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. А збоку, бы вартаўнік, стаіць вулкан Везувій і курыць сваю люльку...
Зіма тут складаецца з двух-трох дажджыстых асенніх тыдняў. Летам гарачыня не бывае звыш дваццаці чатырох градусаў. Неба заўсёды чыстае, сіняе; туманаў ніколі не бывае; дождж не затрымліваецца, праходзіць хутка.
Вось па набярэжнай ідзе вясёлая кампанія людзей — два мужчыны і тры жанчыны. Усім яны цікавяцца, да ўсяго прыглядаюцца — і ўсё ім падабаецца. Адразу відаць, што гэта прыезджыя.
— Во і лацароні. Пазнаёмцеся! — звярнуўся да жанчын адзін з мужчын.
На каменных прыступках сядзеў хлопчык гадоў дванаццаці і боўтаў нагамі па-над вадою. Чорныя валасы, чорныя вялікія вочы і цёмны загарэлы худы твар. На плячах кавалкі кашулі, з-пад якой на тры чвзрці галеецца загарэлае цела. Адна калашына ададрана знізу вышзй калена, а другая зусім выдрана збоку.
— Ах, які ён цікавы! — захапляюцца пані.
— I нават адзенне неяк падыходзіць да гэтай чароўнай старонкі!
— Праўду кажуць, што гэта найлепщы куток на зямлі. Нават бедным добра жыць, не трэба клапаціцца аб адзенні. Нядужа трэба, каб пражыць.
I нашы «добрыя пані» шчыра верылі, што ўсім тут добра жывецца, што ўсе тут шчаслівыя. I нават гэты маленькі лацароні створаны толькі для таго, каб надаць цікавасць і прыгажосць усёй карціне...
Мужчына выцягнуў з кішэні манету і, паказаўшы хлопчыку, кінуў яе ў мора.
— Шль...
Не паспела манета апусціцца на дно, як хлопчык нагнаў яе і вынырнуў з вады, трымаючы грошы ў зубах.
— Малайчына! Брава! — крыкнулі пані і нават запляскалі рукамі.
Але тут падбегла яшчэ некалькі такіх самых дзяцей. I калі кінулі яшчэ манету, у вадзе пачалася валтузня. Тым часам падбеглі яшчэ трое, гадоў па пяць-шэсць, яшчэ больш абадраныя і запэцканыя. Яны пачалі пець, скакаць, прадстаўляць нейкія тэатральныя сцэны.
— Бачыце, бачыце! Такія маленькія і такія спрытныя! Як яны вольна трымаюцца! — зацікавіліся пані і кінулі ім некалькі манетак.
— Здольны і вясёлы народ,— гаварылі прыезджыя, ідучы далей уздоўж мора,— зусім не такія, як у нашых паўночных краях. Адразу відаць, што прырода іх тут песціць.
Ціха і мякка праносіліся аўтамашыны, і з першага позірку нельга было разабрацца, што ў іх знаходзіцца,— ці людзі, ці копы кветак.
А па блакітным моры ва ўсе бакі плылі гандолы (лодкі), убраныя дыванамі, кветкамі і закрытыя ад сонца шаўковымі занавескамі.
«Неапаль нельга не любіць. Каб вы толькі пражылі ў ім адзін дзень, дык ужо ўсё свае жыццё, уздыхаючы, успаміналі б гэты дзень. Тут забывается на ўсё ў свеце і толькі жывеш шчасцем ды хараством прыроды. Можна смела сказаць: "Спыніся, падарожнік! Нічога лепшага ты ўжо не ўбачыш!"»
Так кажа адзін вялікі пісьменнік. I ўсе прыезджыя паны адчуваюць тое самае.
А калі надыходзіць ноч, тады бераг і мора загараюцца агнямі, рознакаляровыя феерверкі ўздымаюцца ў паветра, адусюль нясецца салодкая музыка, асабліва з мора, з гандол. I тады пачынаеш разумець, чаму гэта кажуць: «Зірні на Неапаль, а потым памірай!»
Ці адчуваў усё гэта Джузепе, той самы хлопчык, што лавіў грошы ў вадзе?
Пазіраць на Неапаль — ён пазіраў, але паміраць зусім не збіраўся. Бо яму ўдалося добра пад'есці. На злоўленыя грошы ён купіў жменю макаронаў, катах кукурузы і некалькі смажаных каштанаў. Такой раскошы ён даўно ўжо не бачыў. Мала таго, яму і на заутра засталося некалькі чэнтызімаў.
Джузепе быў лацароні, па-нашаму — беспрытульны. Такіх беспрытульных у Неапалі заўсёды многа. I не толькі дзеці, нават беспрытульныя дарослыя лічацца тут тысячамі. Мала дзе знойдзецца столькі беспрытульных, колькі ў гэтым горадзе, дзе прыезджыя багатыя людзі «забываюць аб усім на свеце і толькі жывуць шчасцем ды хараством прыроды»...
Чаму і як зрабіўся Джузепе лацароні, ён і сам добра не ведае. Здарылася гэта тады, калі яму было гадоў пяць-шэсць. Жыў ён, як і ўсе добрыя людзі, у маленькай цёмнай і бруднай халупе, меў бацькоў і старэйшага брата Паола. Бацька яго працаваў на тытунёвай фабрыцы.