Лацаронi

Такая была і Тарэнцкая вуліца. Хаткі стаялі на ступенях, высечаных у скалах, а па вуліцы трэба было ўзбірацца, як па сходнях.
Вось і касцёл, вось і той двор. Джузепе шмыгнуў у яго, нібы ў калодзеж, але зараз жа нехта моцна ўхапіў яго за каршэнь.
— Куды ты? Хто ты і адкуль? — пачуў ён грозны голас.
— Мне трэба Паола Маконі.
— Навошта? Хто цябе паслаў?
— Я сам. Трэба папярэдзіць. Пусціце. Яму пагражае небяспека.
Незнаёмец задумаўся, не ведаючы, што рабіць. Джузепе зноў сказаў:
— Не марудзьце, пусціце. Зараз могуць прыйсці. Чалавек, не выпускаючы яго з рук, павёў усярэдзіну. Праз нейкую чорную дзіру, па вузенькіх малых прыступачках увайшлі яны ў каморку, дзе было чалавек пятнаццаць — дваццаць рабочых. Ля стала стаяў малады рабочы, гадоў дваццаці пяці, і казаў:
— Увесь сакрэт у добрай арганізацыі і дысцыпліне. Калі мы гэтага дасягнем, тады не бяда, што нас спачатку будзе і мала. Дзесяць дысцыплінаваных і арганізаваных варты тысячы неарганізаваных.
Ён спыніўся, убачыўшы, што прывялі нейкага хлопчыка. Усе прысутныя з цікавасцю і трывогай павярнуліся да іх.
Вось гэты хлапчук упарта хоча нешта сказаць,    растлумачыў увайшоўшы.
— Чаго табе трэба, хлопчык? — запытаўся прамоўца.
— Паола Маконі.
— Адкуль ты яго ведаеш? Што ты хочаш яму сказаць?
— А ён тут ёсць? Дзе ён? — запытаўся Джузепе. Рабочыя зірнулі адзін на аднаго. Той, што казаў,
таксама неяк нерашуча ўстрымаўся.
— Які ты дапытлівыі Ну, а пакуль што ці не можаш ты нам сказаць, у чым справа?
— Я падслухаў, як дзядзькі-фашысты казалі аб Паола Маконі, і гэты адрас я таксама ад іх чуў. Я здагадаўся, што яны надумаліся зрабіць нешта дрэннае, тым болей што...
Не паспеў ён скончыць, як удзельнікі сходу заварушыліся і ўсталі.
— Таварышы! Разыходзьцеся ціхенька, па адным, ды не па вуліцы,— пачуліся галасы.
— Дзякуем, хлопчык. Ну, а ты хто такі? Адкуль і як зваць? — звярнуўся да яго першы рабочы.
— Я Джузепе і, мабыць, таксама Маконі. Бацьку майго забілі. Быў старэйшы брат Паола...
— Джузепе?! Брацік мой! — усклікнуў той, ухапіў яго, падняў і прыціснуў да сябе.
Убачыўшы такую сцэну, рабочыя спыніліся і нават забыліся, што трэба ўцякаць. У некаторых на вачах навярнулася слязінка.
— Таварышы, не марудзьцеся! — крыкнуў Паола і, трымаючы за руку Джузепе, выскачыў праз акно. Праз хвіліну ўсе зніклі.
Пакуль што на гэтым наша гісторыя канчаецца. Але хочацца яшчэ зазначыць, што для фашыста той дзень быў вельмі няўдалы. Калі ён прыйшоў сюды, то не застаў людзей, а калі вярнуўся дадому — не застаў сваіх рэчаў.