Лацаронi

Добрым лічылася ўсё тое, што мела добрыя вынікі, поспехі, а нядобрым — усё тое, дзе не пашанцуе.
Ды яшчэ нядобра было пакрыўдзіць свайго брата лацароні або такога, які хоць і не лічыцца лацароні, але па свайму становішчу амаль нічым не адрозніваецца ад іх.
Тым часам яны выйшлі на другі бок горада, дзе пачыналіся панскія вілы. Ля адной вілы і спыніўся Перучы.
— Я даведаўся,— сказаў ён,— што гаспадароў часта не бывае дома, і выведаў усе хады і выхады. Хадзем сюды.
Яны завярнулі ў завулачак, праціснуліся ў нейкі куток і падышлі да высокага плота. Спрытна перабраліся на другі бок і апынуліся ў садзе з памеранцавых і міндалевых дрэў.
Падышлі да невялікага прыгожага палаца.
— Агонь!..— прашаптаў Перучы.
На другім паверсе акно было адчынена, і адтуль ішло святло.
— Прыйдзецца чакаць, схаваемся...
Яны схаваліся за кустом вінаграду і пачалі чакаць. Прайшло, можа, якіх дзесяць — пятнаццаць мінут, а ім здавалася, што яны сядзяць гадзіну.
— Чаго нам дарма сядзець тут? — сказаў Джузепе.— Можа, нічога і не выйдзе.
Перучы пачухаў сваю чорную лахматую галаву і нерашуча сказаў:
— А можа, і выйдзе. Вось што, ты лёгкі, узлезь вунь на тую галіну, што ля самага акна, ды паглядзі, што там робіцца.
Джузепе палез. Толькі лацароні і мог так легка і ціхенька выканаць такую задачу.
Джузепе ўбачыў у пакоі двух чалавек, якія, відаць, рыхтаваліся ўжо выходзіць. Выгляд аднаго з іх здаўся Джузепе знаёмым, толькі ён ніяк не мог успомніць, дзе і калі яго бачыў.
— Дык вы кажаце, што гэта Паола Маконі іх склікае? — казаў адзін з іх.
Ён, пракляты. Ён даўно ўжо баламуціць навакол.
— Ну, а адрас вы добра ведаеце? Там жа такія закавулкі, што сам чорт нагу зломіць.
— Я добра прыгледзеўся: Тарэнцкая, 43, зараз жа за касцёлам Святога Амброзія. Там, у двары, налева, яны і павінны сабрацца.
Ну, хадзем тады,— сказаў першы, і яны пайшлі да дзвярэй.
За гэты момант Джузепе ўспомніў адразу тры важныя рэчы: першае, што гэтага пана ён бачыў
тады, калі загінулі яго бацькі і дом; гэты пан быў тады нібы начальнікам у фашыстаў.
Другое, што ён успомніў, гэта прозвішча Маконі. Здаецца, яго бацьку звалі Маконі — Петра Маконі,— як яму няясна ўспамінаецца.
I трэцяе,— што ў яго быў старэйшы брат Паола. Можа, гэты Паола Маконі і ёсць яго брат? А калі ім цікавіцца гэты дзядзька, значыцца, справа дрэнная. Значыцца, трэба папярэдзіць, хоць бы гэта быў і чужы Паола. А касцёл Святога Амброзія ён добра ведае.
Усе гэтыя думкі паспелі мільгануць у яго галаве, пакуль ён злазіў з дрэва.
— Ну, што, што? — кінуўся да яго Перучы.
— Ідуць, бяжым...— засопшыся, сказаў Джузепе.
— Ну і добра, калі выходзяць. Хавайся. Джузепе хацеў быў бегчы, але зараз жа пачулася, як адчыняюцца дзверы. Перучы ўхапіў яго за руку і пасадзіў за куст. Мужчыны выйшлі з дзвярэй, падышлі да брамы, адчынілі яе ключом і выйшлі на вуліцу.
— Ну, вось і добра! — весела сказаў Перучы.— Даўно б гэтак. Відаць, мадонна на гэты раз пажадала мне дапамагчы. Куды ты? — затрымаў ён Джузепе, які накіраваўся бегчы назад праз плот.
— Не, не, я не магу; трэба папярэдзіць людзей, брата. Гэтыя людзі хочуць ім зрабіць ліха.
— А што нам да другіх? Хай усе яны там галовы свае паскручваюць. А ў нас тутака справа пэўная.
— Не-не, не магу...— вырваўся Джузепе і пабег да плота.
— Цьфу, дурань! — плюнуў Перучы.— Уцякае, калі ўся справа наладжана. Тым горш для цябе самога, а я цяпер адзін абыдуся.
А Джузепе ўжо бег што было сілы па вуліцах да касцёла Святога Амброзія. Вуліцы рабіліся ўсё вузейшымі і вышэйшымі. Вось пайшлі ўжо такія, што не толькі на аўтамабілі, але і на простым возе ехаць нельга, і ездзяць тут толькі верхам на мулах.