Лацаронi

Такія патрабаванні да святых у Італіі зусім не дзіва. Дауней бывал! выпадкі, калі нават каралі іх за тое, што яны не дапамагалі, напрыклад, садзілі ў турмы.
Джузепе пайшоў «дадому».
Тая набярэжная, дзе днём сядзеў Джузепе, з'яўляецца «парадным». Да яе падыходзяць толькі «чыстыя» судны: пасажырскія параходы, гандолы, а на беразе прагульваецца толькі «чыстая» публіка.
Далей жа ідзе «чорны» ўваход — порт, куды прывозяцца вугаль, селядцы, нафта, скуры, жалеза і розныя іншыя тавары, якія ідуць толькі на карысць, а не на аздобу Неапаля. Там ужо няма той прыгажосці. Набярэжная завалена бочкамі, бярвеннямі, скрынямі, мяхамі і рознымі іншымі «бруднымі» рэчамі.
Замест беласнежных палацаў стаяць брудныя пакгаузы, майстэрні. У самым канцы гэтага порта, пад перавернутай старой рыбацкай лодкай, і знаходзіўся «дом» Джузепе.
Калі Джузепе прыйшоў, там ужо сабралася чалавек з дзесяць «кватарантаў». Большасць з іх былі такія самыя дзеці, як і Джузепе, двое мелі гадоў па васемнаццаць—дваццаць, а адзін быў зусім сталы мужчына, гадоў пад сорак, ды жанчына гадоў трыццаці.
Пачалі дзяліцца ўражаннямі, хто як правёў дзень, хто што зарабіў.
— Мне прыезджыя далі цэлыя паўліры за тое, што я пальцамі на губах сыграў ім серэнаду,— хваліўся адзін хлапец.
— А я злавіў у вадзе дваццаць чэнтызімаў! —дадаў другі хлопчык.
— I я таксама! — сказаў Джузепе.
Дарослы дзядзька сядзеў, абапёршыся локцямі аб калені, глядзеў прама перад сабой і, здаецца, нічога не чуў і не бачыў. Жанчына ляжала на зямлі, абгарнуўшы галаву хусткай, і не варушылася, хоць і відаць было, што яна не спала.
Дзеці пачалі вячэраць. Павыцягвалі свае нязменныя макароны, рыбу, каштаны, вараны боб, кукурузу.
Але трэба сказаць, што з усіх іх толькі пяць чалавек мелі сёе-тое, рэшта ж, у тым ліку дарослыя, нічога не мела...
— Дзядзька, можа, хочаце? — звярнуліся да мужчыны хлапцы, прапануючы кукурузны катах.
— Дзякую...— сказаў той і борздзенька схапіў пачастунак.
Заварушылася жанчына і нібы застагнала. Джузепе падпоўз да яе, дакрануўся да пляча і мякка сказаў:
— Цётачка, можа, хочаце закусіць з намі? Жанчына прыўстала, некалькі хвілін пазірала,
быццам нічога не разумеючы, а потым прамовіла:
— Дзякую, дзеткі! — і заплакала. Яна сёння яшчэ нічога не ела.
Мора пяшчотна плёхалася ля іх ног. Зоркі мігцелі і скакалі ў вадзе. Рог месяца з цікавасцю заглядаў пад лодку. Ніці электрычных ліхтароў дугою акружалі затоку. Далей, у моры, як нейкае вока, вызначаўся востраў Капры.
Вось праехалі міма дзве гандолы, упрыгожаныя рознакаляровымі папяровымі ліхтарыкамі. Дзіўная пяшчотная песня палілася адтуль і паплыла па моры ва ўсе бакі — і да зорак, і да вілаў, і пад лодку, да беспрытульных.
Ну, хто пасля гэтага скажа, што ў Неапалі дрэнна жывецца?
— Джузепе! — пачуўся голас знадворку.
Гэта прыйшоў Перучы.
Яны пайшлі па набярэжнай, накіроўваючыся ў «чысты» квартал. Прайшлі порт, выйшлі на галоўную набярэжную. Была першая гадзіна ночы. Горад спаў, але ў розных месцах ззялі агнямі рэстараны, неслася адтуль музыка, праязджалі аўтамашыны з п'янымі панамі, ды на моры блыталіся яшчэ гандолы.
— Твая задача будзе, — казаў дарогаю Перучы,— пастаяць на варце, папільнаваць,— усяго толькі. Ты не баішся?
— Мне ўсё роўнаі — адказаў Джузепе.
Ён і сам добра не ведаў, баіцца ён ці не. Ён ведаў, што яны ідуць красці, але таксама не разважаў, добра гэта ці не. Для іх гэта было такім самым заработкам, як злавіць грошы ў вадзе, праспяваць песню, ашукаць каго-небудзь, асабліва чужаземцаў, сцягнуць, што можна, зарабіць якімі-небудзь паслугамі і так далей. Адным словам, такая справа для іх з'яўлялася звычайнай, як, скажам, для вераб'я, які зусім не разважае аб тым, ці ён крадзе, ці знаходзіць, ці яму даюць. Абы толькі перапала.